Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/314

Гэта старонка не была вычытаная

На мяне глядзяць, а блізка
Падысьці ня сьмеюць;
Мабыць, ё ў маім штось твары —
Што так страхам веець.

А воз цягне дзьве пар коні
У жалобным строю,
А мяне якаясь сіла
Цягне за сабою.
Ах, мой божа! Ка мне пхнецца
Дамавіна-скрыня!
Там майго загадка быту,
Там — у дамавіне.

За што так мяне скараў ты.
Богам называны?
Ах за што, за што?
Уладар зямлі і неба,
Сонцаў і курганаў,
Згнёў мяне ў нішто?!
Дзе той бог,
Што так змог?

Ці яго звон гэты весьціць
І той крык варон?
Хай тут стане прада мною
У постаці сьмяячай,
Ён страшней за ўсё!..
Бо вялікшы я цярпеньнем —
Хоць нішто ня значу —
Чымся моц яго!
Ой, злы ён!
Ой, злы ён!

Гэтым словам б‘е звон, вые…
Як вароны тыя!
Як-жа мучыць гэты звон,
Гэты звон! Звон!