Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/85

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Я ня плачу над братняй магілай, —
Ён там сьпіць, не цярпіць ужо болей;
Я ня плачу над хатай пахілай, —
Я ўжо зжыўся з сваёю нядоляй.

Я ня плачу, што ніва ня родзе, —
Пот і кроў я прывык ліць напрасна;
Я ня плачу па родным народзе, —
Сяк ці так дажыве долі яснай.

А мне толькі сьцікаюцца грудзі
І ў вачох сьлёзы цьмяцца няміла,
Калі ўздумаю, што са мной будзе,
Як пець песьні ня стане ўжо сілы.

909 г.