Старонка:Янка Купала (Станкевіч).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная
Янка Купала.

(У 25-ыя ўгодкі ягонага творства).

(1905-1930)

Год 1905-ты - гэта час, калі паднявольныя клясы і народы царскай Расеі першы раз адважна, нават з аружжам у руках, запратэставалі проціў няволі.

Вось-жа ў гэтым часе стаўся чутным так-жа голас і беларускага народу, які загаварыў праз вусны свайго найлепшага сына, у хуткім часе вялікага беларускага паэта Янкі Купалы.

Радзіўся Янка Купала (Ян Луцэвіч) 25.VI.1882 г. у фальв. Вязынка, недалёка ад Радашкавіч. Бацькі яго — беларусы-каталікі, дробныя арандатары.

Пасьля сканчэньня пачаткавай школы, бацька Я. Купалы дзеля сваей незаможнасьці вучыць яго далей ня мог. Аднак малады Купала рваўся да навукі і здабываў яе сам праз сябе. Паглыбляў наш паэт сваё саманавучаньне сьпярша ў Пецярбурзе ад 1909 г. да 1913, дзе, дзякуючы захадам першага пасьля Фр. Багушэвіча беларускага адраджэнца праф. Бр. Эпімах-Шыпілы, хадзіў на агульна-асьветныя курсы Чарняева, а пасьля, у 1916 г., вучыўся ў вольным унівэрсытэце ім. Шаняўскага ў Маскве.

Першы выступ Я. Купалы ў беларускай літаратуры быў 15.V.1905 г., калі ў менскай расейскай газэце: „Сѣверозападной край" быў надрукаваны яго першы беларускі верш „Мужык".

Пасьля гэтага творства Купалы расло дужа шыбка у наступным парадку: "Жалейка" (1908) — зборнік вершаў ад 1905 год. у якім ужо відаць вызначаны поэтыцкі талент Купалы, але ў якім пясьняр наш яшчэ бадай выключна селянін. Ён на сваей ліры пяе тут песьні беларускага артая, жняі, касца, пастуха і часта плача над іхняй нядоляй. Ня мае яшчэ так-жа Купала веры ў свае поэтыцкія сілы.

У наступным зборніку „Huślar" (вершы да 1910 г.) індывідуальнасьць Я. Купалы, як паэта, разьвілася значна. Тут ужо зьмест вершаў Купалы ня толькі сялянскі, але значна шырэйшы і глыбейшы. Тут ужо Купала — гэта сьвядомы паэт, пясьняр красы. Аб гэтым нам гавора як зьмест яго вершаў, так і стройна адшліфаваная іх форма.