Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

Лютара ў 1525 г. і меў вялікі ўплыў на Беларуска-Літоўскую краіну. Дзеля пашырэньня новае рэлігіі пасылаліся найлепшыя сілы, вучоныя й краснамоўныя пастары, перад якімі праваслаўныя бацюшкі выглядалі яшчэ больш мізэрнымі й не маглі падтрымліваць пяршынства сваёй царквы, і не маглі ўдачна змагацца за яе незачэпнасьць і быць правадырамі асьветы ў народзе.

А тут, у палове ХVІ-га сталецьця, зьявіўся новы вораг — сэктанцкае навучаньне, падобнае да арыянства, супроць якога былі нават пратэстанты. Гэта было сацыніянства, празванае гэтак ад апосталаў гэтае навукі італьянцаў — Фаўста й Лелія Сацынаў. Гэтыя сэктанты ня лічылі Богам Ісуса Хрыста й адкідалі догмат аб Тройцы, дзеля чаго называліся яшчэ антытрынітарыямі, або унітарыямі (якіх нельга зьмешываць з вуніятамі). Апякуном сацыянаў стаўся знатны вяльможа, віленскі кашталян Ян Кішка, да якога належала 40 гарадоў і каля 700 маёнткаў. Як і Мікола Радзівіл Чорны, апякун пратэстантаў, ён не шкадаваў сродкаў на ўтрыманьне апосталаў і пашыральнікаў сацыніянскае рэлігіі, на закладаньне друкарняў і друкаваньне сацыніянскіх кніг у сваіх маёнтках. На барацьбу з новым ворагам выступілі ня толькі католікі й праваслаўныя, але й пратэстанты з Міколай Радзівілам Чорным на чале. Аднак сацыніянства не пераставала пашырацца, захопліваючы сабою шмат кальвіністаў і праваслаўных. Нават самі правадыры пратэстантызму, выпісаныя Радзівілам, схіліліся на бок сацыніянства, у тым ліку такія асобы, як Сымон Будны й Васіль Цяпінскі, імёны якіх павінны быць запісаны ў летапісу беларускага пісьменства, і на якіх нам прыдзецца затрымацца даўжэй.

Вышэйапісаныя зьявы выразна паказваюць, у якім стане знаходзілася духоўнае жыцьцё на Беларусі ў XVI сталецьці. Прасьвячоныя прыхільнікі старога разумелі, што найлепшым сродкам у змаганьні з руйнуючымі старое ўплывамі, павінна быць духоўная асьвета народу. Побач з гэтым пачалі пераконывацца, што слова Божае й рэлігійную навуку трэба падаваць народу на найлепш зразумелай для яго народнай мове. І вось, у часе найбольшых рэлігійных спрэчак, у XVI сталецьці, на Беларусі мы бачым рад паважных спробаў перакласьці сьвятыя кнігі на тагочасную беларускую народную мову; побач з гэтым паяўляюцца напісаныя на гэтай жа мове творы, як абаронцаў праваслаўнае веры, гэтак і іх праціўнікаў. З гэтага боку, тагочасныя царкоўныя кнігі й палемічныя духоўныя творы зьяўляюцца цікавымі й для гісторыка літаратуры, бо ў іх пачала прабівацца жывая народная крыніца, якая пазьней сталася жыватворнай для адраджэньня беларускага нацыянальнага пісьменства.