Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

Першыя перакладчыкі сьвятога пісьма на мясцовую беларускую мову бралі прыклад з палякаў і часта нават клалі ў аснову сваёй працы польскі пераклад. А ў Польшчы ўжо даўно меліся пераклады на польскай мове, калі ня ўсёй бібліі, то прынамсь паасобных кніг; паміж гэтых кніг найбольш была папулярнай, як і у нас, псалтыр, вядомая на польскай мове ўжо ў ХVІ в. (Флёрыянская) і ў XV в. (Пулаўская); а ў гэтым-жа XV сталецьці ў каралевы Зофіі, 4-ай жонкі Уладыслава Ягайлы, маткі Казіміра Вялікага, была ўжо і ўся біблія на польскай мове, якая захавалася ў няпоўным складзе часткай у рэфармацкай калегіі у Шораш-Потацку (у Вэнгрыі, адкуль і яе назова: Біблія Зофіі або Шорашпотацкая, у 1445 г.), а часткай захавалася ў Урацлаўскай гарадзкой бібліатэцы. У XVI сталецьці асабліва шмат паявілася рукапісных перакладаў, а пасьля й друкаваных выданьняў — бібліі і іншых сьвятых кніг на польскай мове, дзякуючы вышэйазначанаму рэлігійнаму руху. У рэлігійных спрэчках і адзін і другі бок карыстаўся сьв. пісьмом, каб давесьці сваю праўду, і перакладчыкі бібліі дапісвалі на палёх і пад загалоўкамі свае ўвагі й тлумачэньні; у гэтых допісах і тлумачэньнях яны праводзілі свае погляды, як гэта мы асабліва бачым у пратэстанцкіх бібліях таго часу.