Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

лостивый Богъ съ того языка на свѣть пустилъ». Ня маючы на ўвазе ніякіх рэлігійна-полемічных мэтаў, як гэта рабілі яго наступнікі (Будны, Цяпінскі і інш.), Скарына, пачынаючы ад 1517 г. і кончачы 1519 годам, выпускае ў Празе адну за другой кнігі Старога Завету невялікімі выпускамі, у малую чвэрць, выгоднымі для карыстаньня; а каб лягчэй было іх разумець, ён выправіў царкоўна-славяншчыну, выкідаючы з яе вельмі застарэлыя словы і уводзячы элементы жывой гутаркі. Агульны загаловак для усіх выданых ім біблейскіх кніг гэткі: «Біблія Руська, выложена докторомъ Францискомъ Скориною изъ славного града Полоцька. Богу ко чти и людемъ посполитымъ къ доброму наученію». Але выданьне вялося не адразу; паасобку выходзілі Псалтыр, кнігі Давіда, Іова, прыповесьці Салямона,Прамудрасьць Ісуса Сірахава й г. д., кончачы прарокам Данілай. З 24-х кніг Старога Завету дагэтуль вядома ў выданьні Скарыны толькі 22; ці былі выдрукаваны і іншыя, гэта пытаньне дагэтуль не разьвязана. Як бы просячы выбачэньня ў чытачоў, што ён ня можа даць больш поўнага й багатага выданьня, Скарына піша: «мы братія не можемъ ли во великихъ послужити посполитому люду руского языка, сіе малые книжки праци нашое приносимо имъ».

Гэтая праца мела на ўвазе перш за ўсё народную асьвету. Вось чаму першаю кніжкаю ў ліку пражскіх выданьняў Скарыны зьявілася ў 1517 г. Псалтыр, па якой, як ведама, вучыліся граматы; з гэтай-жа прычыны спробы перакласьць Псалтыр на беларускую мову пачаліся яшчэ ў XV сталецьці, калі не раней.[1]

У прадмове да Псалтыры Скарына й празначае сваё выданьне «дѣтем малымъ», як «початок всякое доброе науки, грамоты, еже добре чести и мовить учить». Сьледам за Псалтырай пачалі выходзіць і іншыя кнігі Старога Завету, зноў асобнымі выданьнямі, крыху большага фармату; усе яны з прадмовамі на тагочаснай беларускай мове.

Псалтыр, як падручнік да славянскае граматы, Скарына выдрукаваў на славянскай мове. Жадаючы аднак, каб народ лепш мог разумець яго выданьні, Скарына выкідае з гэтай царкоўна-славянскай мовы словы, якіх няма ў жывой народнай мове, і ўводзіць народныя словы, асабліва ў тлумачэньнях на палёх, аб чым ён гэтак піша: «Положилъ есми на боцѣхъ нѣкоторыи слова для людей простых русскимъ языкомъ, что которое слово знаменуеть».

  1. Гл. выведы акад. Е. Ф. Карскага: „Западно-русскіе переводы Псалтыря въ XV-XVI вѣкахъ“ Варшава, 1896 г.