Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

Але з часам Будны пачаў схіляцца ў бок сацыніянства, а дзеля гэтага павінен быў пакінуць старое месца і шукаць прытулку і апекі ў заступніка сацыніянаў, багатага вяльможы Яна Кішкі ў мястэчку Лоску.

Будны вельмі тужыў аб народзе, які заставаўся ў цемры нязнаньня, і абычайнасьць якога была ў поўным заняпадзе. З гэтае прычыны ён пастанавіў даць тагочаснаму грамадзянству для шырокага карыстаньня, біблію на польскай мове, танейшую коштам і выгаднейшую фарматам, чымсь ранейшыя, як напр. раскошна выданая ў 1563 г. ў Берасьці Радзівілаўская, якая паўторна пасьля была надрукавана ў лепшым выданьні у Несьвіжы. Нездаволены ранейшымі перакладамі бібліі, Будны пастанавіў для свайго выданьня зрабіць новы пераклад і ўзбагаціў выданьне абшырнаю прадмоваю, рознымі прыпіскамі у пратэстанцкім духу, не адмаўляючыся гэткім чынам і ад прапаганды.

Для беларускага-ж насяленьня Будны пераклаў яшчэ раней на беларускую мову лютаранскі «Катахізіс» і выдаў яго ў 1562 г. ў Несьвіжы (Слуцк. п., Менск, губ.); у гэтай працы яму дапамагалі нясьвіжскі стараста — Мацей Кавячынскі, які даваў грошы на выданьне, і Лаўрым Крышкоўскі, як перакладчык. Апрача гэтага Будны ў гэтым-жа року выдаў у Несьвіжы свой арыгінальны твор на беларускай мове „О оправданіи грѣшника предъ Богомъ“, які да гэтага часу, бадай-што нідзе, не захаваўся. Праз нейкі час пачалі выходзіць адзін за другім іншыя творы Буднага полемічна-рэлігійнага й духоўна-моральнага зьместу на польскай і лацінскай мовах, напісаныя прозаю й вершамі й друкаваныя ў Несьвіжы, Лоску, Бярэсьці. Наогул гэта быў выдатны літаратурны дзеяч другой паловы ХVІ в., жвавы й дасьціпны пісьменьнік і адзін з найбольш вядомых прыхільнікаў і апосталаў перш пратэстантызму, а пасьля сацыніянства.

З ідэямі антытрынітарызму (г. зн. проціў Тройцы), якія пашыраў Соцын у другой палове XVI в. ў Польшчы й Беларусі, Будны пазнаёміўся ад вядомага багаслова — філёзафа й мэдыка (вынайшаў закон курсаваньня крыві) Міх. Сэрвэта, які доўгі час пражываў у Вене, а пад канец свайго жыцьця распачаў рэлігійную спрэчку з Кальвінам; скуткам гэтай спрэчкі было тое, што Сэрвэт быў публічна спалены у Жэнэве ў 1563 г. за свае погляды.

Аднак Буднага нельга лічыць фанатыкам; як кажа аб ім адзін з сучасьнікаў, Будны ня думаў прымаць вянка мучаніка за свае перакананьні. Сучасьнікі апавядаюць аб гэткім здарэньні: калі Будны аднойчы папаўся ў рукі польскіх салдат-католікаў, якія варочаліся з маскоўскага паходу, і калі яго сталі вінаваціць у здрадзе веры й вымагаць, каб ён перастаў змагацца з каталіцкай верай, то Будны па-