гэткіх пастараў праганяць вон: «Учыцель наказаньнем, научэньнем і напамінаньнем заховуюць людзей ад духоўнае гнілі, але естлі таго ня чыніць, павеляваець Гасподзь вон яго выкінуць». Давярацца нягоднаму пастыру небясьпечна, бо ў сьв. пісьме сказана: «Аще сьляпец водзіць, оба у яму впадзетася». — Чаго-ж для ад таковых сьляпцоў не бяжым? Чаму ся, ім вадзіць дапушчаем»? I абураны гэтым становішчам Будны заклікае: «Зьмілуйся ужо кажды над сабою. Бога для! Устань ад сну, ужо пара абачыцца! Досыць есьмо ўжо спалі, калі есмо за справаю сіх сьляпцоў ні Бога ня зналі, і аб спасеньні сваім, на чым ляжыць, ведалі».
Але цяпер настаюць лепшыя часы: «Ныне Бог міласьцівы, ужаліўшыся нас, адкрыў нам грэшным слова свае праўдзівае, і што дзень значней адкрываець. Учыцелей, ачкольвек зрэдка, верных пасылаець. Пра то гадзіцца й нам усім меціся к таму самым, абы есмо тае неізрачоннае ласкі ўдзячны былі, слова Божае обема, яко мовяць, рукамі прынялі, дзяржалі, па яму жылі й іных к ваму прыводзілі.
Ясна, што пад новымі вучыцялямі, якія пасылаюцца Богам апошнія часы й якія тлумачаць запраўдны зьмест слова Божага, Будны разумее пратэстанцкіх апосталаў і духоўнікаў, якія ў гэты час пачалі пашыраць сваю навуку на Беларусі. Да гэтае новае навукі й павінны звяртацца ўсе, хто шукае збаўленьня. Грунт для пратэстанцкае навукі быў даволі падгатаваны тым маральным заняпадам, аб якім мы казалі вышэй, і аб чым гэтак сама сьведчыць Будны ў вышэйвылажаных радкех яго прадмовы да Катыхізісу.
Выдаючы гэты Катыхізіс, Будны меў на ўвазе гэткае заданьне: «абы усе, слова Божае й ісьціны разуменьня жаждуючыя, мелі, чаго бы ся й самі вучылі й дзетак сваіх навучалі». Прыгэтым ён спадзяваўся з часам шырэй апрацаваць некаторыя пытаньні. — «А ведзь жа папатом, естлі будзець Божая воля, можацца шырэй ў другое управіці. Найболей чацьвертая часьць, се ест осьвятым хрышчэньні й о вячэры Сына Божага, памысьліці можам апрычную кніжку выпусьціць». Але, як відаць, новая перамена ў поглядах аўтара, пераход яго ў сацыніянства, разам з гэтым перамена службы й месца пражываньня, а гэтак сама пасьпешная праца над перакладам і выданьнем польскае бібліі, дзякуючы якой ён, як сам піша ў адным пісьме нават часова ўтраціў зрок, — усё гэта перашкодзіла яму напісаць «апрычную кніжку», прынамсі яна ў літаратуры невядома. Ало праз чатыры месяцы пасьля Катыхізісу Будны пад сваімі інцыяламі «С. Б.» выдаў у тэй-жа друкарні на беларускай мове сваю вышэйпамянёную