Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

IV

Дзякуючы нядаўным навуковым выведам, нам стаў вядомы й трэці прадстаўнік і ідэёвы працаўнік на ніве кніжнае справы на Беларусі ў ХVІ веку. Гэта вышэйпамянёны Васіль Цяпінскі,[1] Ён быў сучасьнік і аднамысьнік Буднага, шляхціц, родам з Полацкай зямлі, дзе ў яго быў уласны маёнтак Цяпіна, ад якога, мабыць, і бярэ пачатак яго прозьвішча, тым больш, што ў актах літоўскай мэтрыкі ён завецца падвойным прозьвішчам: Васіль Мікалаевіч Цяпінскі-Амельяновіч. Хаця польскія крыніцы завуць яго ліцьвіном, але сам ён лічыў сабе «русінам», г. зн. беларусінам. Сваімі рэлігійнымі поглядамі ён, як і Будны, далучаўся перш да пратэстантаў, а пасьля да сацыніян, хаця й памяркоўных: ён лічыў, што хрысьціянская рэлігія не забараняе прымаць удзелу на вайне, мець уласную зямлю й карыстацца правам «паншчыны», што адкідалася іншымі.

У сваіх творах Цяпінскі вельмі высока ставіць Беларускі народ, праслаўляе яго мінуўшчыну й тужыць аб тым, што асьвета й абычайнасьць у гэтым народзе вельмі заняпалі. Вінаваціць ён у гэтым прасьвячоных і знатных людзей, якія зусім ня дбаюць аб народзе, а яшчэ больш — духоўных правадыроў народу — пастыраў і настаўнікаў, якія забыліся аб сваіх абавязках і іншых не павучаюць і самі ня вучацца. Некаторыя з іх, як сьведчыць Цяпінскі, нават самі не разумеюць тае мовы, на якой моляцца ў царквох; тым больш яе не разумеюць простыя нявучоныя людзі: а адукаваныя людзі й асобы вышэйшага стану, замест таго, каб навучаць народ i падаваць прыклад, як трэ‘ любіць родную мову, адмаўляюцца ад яе, лічачы гэтую мову недалікатнай, надта грубай. І гэтакім чынам бацькаўшчына няўхільна пасоўваецца да поўнай загубы сваіх ранейшых культурных здабыткаў.

Ня лічачы сябе ні вучоным, ні знатным, ні багатым, Цяпінскі,

  1. Годы яго жыцьця дакладна нявыяснены: радзіўся каля 1540 г., памёр каля 1603 г. (у гэтым якраз паміж яго двама сынамі вялася судовая валакіта за падзел спадчыны).