Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

зьявіліся новай небясьпекай для праваслаўнай веры на Беларусі, бо да гэтых рэлігій пачалі далучацца знатныя беларуска-літоўскія роды, а за імі йшлі і іншыя станы насяленьня.

Асабліва ўзмоцніўся гэты рэфармацкі рэлігійны рух у часы панаваньня Жыгімонта ІІ Аўгуста, які сам спачуваў навамоднай рэлігіі. Пакуль жыў яшчэ бацька яго, кароль польскі Жыгімонт І, рэфармацыя не выступала гэтак яўна, але ужо рыхтаваўся для яе грунт, асабліва на Беларусі. У 1544 г. кароль Жыгімонт і перадаў панаваньне над Беларуска-Літоўскім гаспадарствам свайму сыну каралевічу Жыгімонту-Аўгусту, які й дазволіў вольны доступ рэфармацыі на Беларусь, а пасьля і ў Польшчу, калі па сьмерці свайго бацькі (1548 г.) ён стаў самастойным гаспадаром абедзьвюх частак польскай кароны. У часе яго панаваньня рэлігія й абычайнасьць вельмі заняпалі, а гэта яшчэ больш высоўвала на чаргу пытаньне аб царкоўнай рэформе. Малады кароль, можа проста дзеля моды, трымаў рэфармацкіх дзеячоў пры сваім двары і зьбіраў пратэстанцкія творы для сваёй бібліатэкі. Сьлядамі караля йшлі й вяльможы, з ліку якіх асабліва пашыралі новую рэлігію браты Радзівілы — Мікола Чорны, віленскі ваявода й канцлер, і стрыечны яго брат Мікола Рыжы, сястрою якога, Барбараю, быў паўторна жанаты Жыгімонт-Аўгуст. Першы з іх, атрымаўшы адукацыю заграніцаю, рана пазнаёміўся з навукаю Кальвіна і ў 1553 г. яўна прыняў гэтую рэлігію з усім сваім дваром, завёў у сваім палацы на віленскім прадмесьці Лукішках пратэстанцкую царкоўную службу, а пасьля ў самой Вільні збудаваў каменны пратэстанцкі сабор на Бэрнардынскім пляцы. Гэткія-ж сьвятыні ён пабудаваў і ў іншых сваіх мястэчках і гарадох: Несьвіжы, Клецку, Біржах, Бярэсьці і інш. і паназначаў пры іх добра адукаваных пастараў, выкліканых з Польшчы, якім даручыў закладаць пратэстанцкія школы пры сьвятынях. У Несьвіжы ён залажыў друкарню дзеля друкаваньня кальвінскіх кніг; у Бярэсьці яго коштам у 1563 г. была выдрукавана вядомая Радзівілаўская або Бярэсьцейская біблія у новым перакладзе з гэбрайскае й грэцкае — на польскую мову; пераклад гэты быў зроблены асобнай камісіяй у горадзе Пінчове, адкуль і біблія гэта часта завецца Пінчоўскай. Па прыкладу Радзівілаў ішлі і іншыя знатныя беларускія роды, і гэткім чынам пашыралася й красавала тут эвангялічная навука, якая асабліва была даспадобы шляхоцкаму стану.

Пасярод купецтва, мяшчан і рамесьнікаў пашыралася навука Лютара, бо там было шмат нямецкіх перасяленцаў, а ў суседзтве знаходзіўся Тэўтонскі рыцарскі ордэн, які гэтак-сама прыняў навуку