Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

Ужо сьцямнела, калі ў нізкія дзьверы ўвайшоў тоўсты гадзіншчык у сваім звычайным шэрым палітоне.

— Чулі навіну? — спытаў ён, прысаджваючыся на край стала, за якім займаўся гімназісты.

— Ну! — сказаў Мэндэль. — Што мне да навінак? Калі яна добрая, дык будзе добрай і калі перастане быць навіною, а калі кепская, то навошта мне слухаць яе?

— Кажуць, жыдоў будуць біць — сказаў гадзіншчык, гойдаючы нагою ў пантоплі з бліскучай сталёвай пражкаю.

Стары Мэндэль нэрвова заморгаў; губы яго задрыжэлі. Але ён аўладаў сабою і спытаў вясёла і дабрадушна:

— Жыдоў? Якіх жыдоў? Калі жыдоў-злодзеяў, тых, якія людзей крыўдзяць ды рабуюць на вялікіх дарогах, ды зьдзіраюць з беднага чалавека скуру, — ну, чаму іх ня біць? Я сам дапамагу біць іх.

— Ды не, — засьмяяўся гадзіншчык. — Усіх жыдоў.

Шэрыя вочы Мэндэля раптам зазьзялі агнём. Але стары захаваў гэты агонь паўапушчанымі павекамі і спытаў як-бы зусім бязуважна.

— Ну, за што-ж будуць біць усіх жыдоў?

— Як за што? — кінуў гадзіншчык. — Ды за тое, што яны жыды!

— Ну, — сказаў Мэндэль і прыжмурыў свае шэрыя вочы. — А чаму-ж ня ідуць ў лес і ня б’юць