ведаць, што ўсе людзі — браты і што людзі павінны любіць адзін аднаго, як браты…
Ён зноў прыцягнуў да сябе хлопчыка, абняў рукою яго шыю і, блізка нахіліўшыся да гадзіншчыка, прамармытаў:
— Гэта вельмі кволае дзіцё… сірата… і ў яго чулае сэрца… — Ён пагладзіў хлопчыка па шчацэ і сказаў:
— Ідзі спаць, любы. Заўтра табе ісьці ў гімназію.
Хлопчык зноў шаркнуў ножкаю гадзіншчыку, пацалаваў дзеду ў руку і пайшоў за чырвоную фіранку, дзе стаяў ложак.
Стары бліснуў вачыма, перавёў дух і, цярэбячы бараду, спытаў:
— Ну, выбачайце, калі ласка. Дазвольце спытаць вас, хто гэта гаворыць, што будуць біць жыдоў? Я пры хлопчыку не хацеў распытваць пра гэта; ён дзіцё хваравітае і можа спалохацца. Ну, а цяпер я вас ласкавенька прашу…
Ён усьміхаўся і ветліва і дагодліва; у шэрых вачох яго сьвяціла дагодлівасьць.
Гадзіншчык, выбіты з каляіны папярэднімі яго разважаньнямі, зноў адчуў сваю перавагу.
— Кажуць, — нядбала вымавіў ён, растапырыўшы губы.
— Ну, хто-ж кажа? — спытаў яўрэй, і аксамітавыя вочы яго сталі рэзкімі, строгімі.
— Людзі кажуць, — усё так-жа нядбала працадзіў гадзіншчык.