Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Стары яўрэй з зусім нечаканай лёгкасьцю раптам адскочыў на два крокі. Вочы яго гарэлі, на губах выступіла пена, галаву ён закінуў.

— Людзі? Людзі кажуць?

Ён распытваў нейкім сіпячым голасам і з кожным пытаньнем усё мацней.

— Людзі?

І пасьля кожнага слова ён усё больш нахіляўся ўперад, амаль не дастаючы падлогі.

Гадзіншчык глядзеў абыякава, забаўляючыся з ланцужком, памахваючы нагою. Нарэшце, ён уздумаў, што сьмешныя паводзіны яўрэя проста непашана да яго.

А што вас зьдзіўляе? — холадна спытаў ён.

Але стары пераплётнік ужо супакоіўся.

Ён азірнуўся, упёрся рукамі ў бакі, задраў бараду, прыжмурыўся.

— Памыляецеся, — сказаў ён. — Гэта кажуць ня людзі. Гэта кажа гарэлка, гэта кажа карчма, гэта кажа злосьць і дурасьць, гэта кажа дурны вецер.

Ён узьняў руку і пагардліва ўзмахнуў ёю.

— Сьпіце спакойна. і я буду спаць спакойна, і гэты хлопчык будзе спаць… У нас у горадзе шмат гора і вельмі шмат цемнаты і вельмі шмат няшчасьця, але яшчэ не здаралася ў нас у горадзе, каб людзі грызьліся, як сабакі. У гэтым можаце быць упэўнены.

Ён сьціснуў губы і важна ўзяўся за цяжкі валавяны падсьвечнік, мусіць, жадаючы зараз-жа пасьвяціць, выпраўляючы госьця.