Яго гэройская адвага, нямы заклік да людзкіх пачуцьцяў натоўпу былі прыняты імі за абразу, за насьмешку.
Натоўп кінуўся разьбіваць бочкі з воцатам ці гарэлкаю, разрываць пакункі з таварамі, распорваць пярыны, ламаць кошыкі. Цяпер успыхнуў той дзікі пал да зьдзеку, той зьвярыны інстынкт жорсткасьці, які таіцца ў кожным чалавеку і, успыхнуўшы ў адным, захоплівае, як пажар, увесь натоўп.
Яшчэ не пасьпеў натоўп дабрацца да акна, як кінуты некім камень папаў у галаву хлопчыку.
Кубусь крыкнуў, жанчыны кінуліся да яго.
Яўрэй выпусьціў яго руку, але нават не азірнуўся. Ён падняў рукі ўгору, утаропіў зірк у неба і бяскроўнымі вуснамі шаптаў:
— Госпадзі, госпадзі!
Гарачыя буйныя сьлёзы каціліся па твары.
У гэты момант ён быў сапраўдным гэроем, змагаром.
Пярэднія рады натоўпу ўжо дабеглі да акна, але тут ім перарэзаў шлях высокі, худы студэнт з мэзаніну.
З растрапанымі валасамі, у расшпіленым мундзіры стаяў ён пад акном Мэндэля, шырока расставіўшы ногі і раскінуўшы рукі са сьціснутымі кулакамі. Высокай сваёй фігурай ён амаль што не да паловы засланяў сабою акно.
Гнеў, сорам, пагарда, спачуваньне, страх за ста-