Ісайка шыў адміральшы чаравікі (ён быў адменны шавец і шыў з «фасонам»), атрымоўваючы за работу «што дадуць». Карыстаючыся тым, што Ісайка казённы чалавек і прысланы быў да яе падначальным мужу экіпажным камандзірам, адміральша давала, вядома, мала, але за тое ня супроць была выратаваць Ісайкаву душу, абярнуўшы яго на шлях праўды.
І вось, аднойчы, даўшы Ісайку дзьве грыўні за работу шчыгульных чаравік з францускімі заднікамі і літасьціва кіўнуўшы галавою ў адказ на «вельмі ўдзячан, ваша правасхадзіцельства!» — адміральша зрабіла некалькі крокаў, каб папрабаваць, ці спрытна сядзяць чаравікі, і, задаволеная, прысела затым на канапу і сказала:
— Ты-ж, Ісайка, жыд?
— Точна так, ваша правасхадзіцельства! — адказаў Ісайка, адступаючы да дзьвярэй.
Адміральша ўздыхнула і павяла прамову аб заблудзіўшых душах. Гаварыла яна не без натхненьня пра ісьціну і духоўнае адраджэньне, пра цемру і сьвятло, відавочна захопленая ўласным сваім красамоўствам, і скончыла прамову парадаю хрысьціцца, абяцаючы Ісайку, апроч ратунку духоўнага, некаторае яшчэ матэрыяльнае дабро. Яна ведае, што Ісайка добры і сумленны чалавек, і папросіць мужа, каб Ісайку ўзялі ў унтэр-афіцэры і пакінулі пры беразе.
Прапанова была прывабнай, асабліва пэрспэктыва быць заўсёды на цьвёрдай зямлі, якую Ісайка