І Ісайка ўсё кланяўся і дзякаваў у самых тонкіх выразах, якія толькі мог прыдумаць, аднак на пытаньне адміральшы не адказваў і нават рызыкнуў ад падзякі досыць спрытна перайсьці да прапановы зрабіць яе правасхадзіцельству летнія чаравічкі самага апошняга загранічнага фасону, што прывезла з Парыжу адміральша Гвазьдзёва.
— Я ў іх бачыў гэтыя чаравічкі… Ай, які прыгожы фасон, ваша правасхадзіцельства, ай як акуратна зроблена! захапляўся Ісайка. — і абыйдуцца ўсяго два рублі з маім таварам: — дадаў Ісайка, вырашыўшы даплаціць сваіх паўтара рублі, каб толькі задобрыць скнару адміральшу і адхіліць яе ўвагу ад ратаваньня яго грэшнай душы.
Адміральша ласкава прыняла прапанову і распытала Ісайку падрабязна пра загранічныя чаравічкі адміральшы Гвазьдзёвай, і Ісайка думаў канчаткова адкланяцца, паабяцаўшы пастарацца над чаравічкамі і даставіць іх праз пяць дзён, як адміральша спытала:
— Што-ж ты, Ісайка, на маё пытаньне не адказаў? Хочаш ты хрысьціцца?
Ісайка прыняў раптам сур’ёзны і таемны выгляд і, паніжаючы голас, прамовіў некалькі конфідэнцыяльным тонам:
— Ніяк не магу, ваша правасхадзіцельства.
— Чаму ня можаш?
— З-за бацькі і маткі, ваша правасхадзіцелства. Іх шкода.