Так пра яго разважалі матросы і, гатовыя абвінаваціць і павыскаляцца з усякіх праяў баязьлівасьці ў таварышоў, у суджэньнях пра Ісайку, з чуласьцю разуменьня, прыкладвалі да яго асобную мерку, і калі некаторыя старыя матросы, здавалася, і падсьмейваліся з гэтае прычыны з Ісайкі, дык самым дабрадушным чынам і бяз усякага намеру прынізіць ці абразіць яго, тым больш, што і сам Ісайка не хаваў сваёй слабасьці.
— Усяго мне даў бог, — казаў Ісайка: — і развагі, і стараннасьці, і цярплівасьці, а вось матроскай адвагі ня даў, браткі… Мусіць, усякаму чалавеку свая доля, і бог не жадае, каб яўрэй быў матросам… «Будзь ты майстровы і жыві на сухім шляху!» вось што загадаў бог яўрэю, — дадаваў Ісайка, прыпісваючы богу свае ўласныя жаданьні.
— А што, Ісайка, калі раптам ды старшы, афіцэр пашле цябе ў адседку на нок? — жартаваў хто-небудзь з унтэр-афіцэраў ці старых матросаў.
— Не пашле! Навошта мяне пасылаць?
— А на кару!
— Пхэ! За што мяне караць? Я латаю сабе ветразі ў падшкіперскай і ніхто мяне ня бачыць, і раблю сваю справу акуратна. Старшы афіцэр — разумны чалавек.
— Разумны, разумны, а калі ўзлуецца, дык і і розум згубіць… Мала за што можна прычапіцца дарэмна… Дакладна ня ведаеш. Убачыць цябе на палубе і закрычыць: «Паслаць Ісайку на нок. Няхай Ісайка праветрыцца!»
52
гЯ