— Ды ты да чаго гэта гнеш? — ужо мякчэй спытаў Рабы, паглядаючы на Ісайку і зьдзіўлены і нязвычайна спачуваючым выразам яго твару.
— Хачу шынэль тваю дастаць ціха прамовіў Ісайка. — Скажы, у якой карчме ты яе пакінуў? А я ўжо шынэль прынясу.
— Ты? — прамовіў толькі Рабы.
І больш ня мог у першую хвіліну нічога дадаць, зачэплены да глыбіні душы гэтай вялікадушнай прапановай.
— Век не забуду, Ісайка! Вызвалі! — нарэцце, здрыгнуўшым голасам, прамовіў. Рабы і, мусіць, жадаючы выразіць свае пачуцьці ва ўсёй паўнаце, дадаў: — Жыд, а які добры!
Ісайка ледзь-ледзь усьміхнуўся ад гэтага комплімэнту і стаў распытваць, дзе карчма, у якой Рабы ўчора выпіваў.
Рабы падрабязна растлумачыў і вінавата дадаў:
— Толькі карчмар зьдзярэ… Бадай, рублёў пяць заломіць.
На фізыономіі Ісайкі зьявіўся дзелавы выраз чалавека, які зьбіраецца зрабіць комэрцыйную справу, і ён зноў падміргнуў вокам на гэты раз з некаторай хітрасьцю, і сказаў:
— Ня бойся, Ісайка будзе спрачацца. Ісайка лішняй капейкі не аддасьць.
Ён зараз-жа адпрасіўся ў фэльдфэбэля з двара і накіраваўся ў паказаную Рабым карчму.
Прайдзісьвет малады яраславец — карчмар, убачыўшы Ісайку, з запытаньнем абвёў яго вачыма.