Ісайка далікатна растлумачыў, што прышоў за шынэляй Івана Рабога.
— А грошы прынёс?
— Вам колькі грошай?
— Сем рублёў, — ня мігнуўшы вокам, адказаў карчмар.
— Ці ня многа будзе? — прыжмурыўшы вока, працягнуў Ісайка.
— А многа, дык ідзі.
— Я-б і пайшоў, ды таварыша шкода… Вы самі ведаеце — казённая рэч… Яму дастанецца… Казённая рэч — царская… Калі ротны даведаецца, што вы ў матроса ўзялі царскую рэч, вялікія няпрыемнасьці будуць… Ай, ай, ай! Якія няпрыемнасьці! Паліцыя і ўсё іншае! Царская рэч ня можа гінуць. — І Ісайка з сур’ёзным відам паківаў галавою. — Рабы загадаў аддаць паўтары рублі і прасіць шынэль і боты… А потым ужо, як вы захочаце; дадаў Ісайка раўнадушным, здавалася, тонам і зрабіў выгляд, быццам зьбіраецца выходзіць.
— Ды ты пачакай…
— Выбачайце! Мне некалі… Я казёнвы чалавек. Мяне сам пан фэльдфэбэль паслаў, Аўдзей Трыфанавіч, ведаеце? Ён таксама ў вас віно бярэ Ідзі, кажа, Ісайка, па шынэль, каб ня было, кажа, няпрыемнасьцяй.
Пачалі спрачацца. Ісайка некалькі разоў выходзіў з карчмы і варочаўся, жадаючы зьберагчы свае кроўныя грошы, якія ён хаваў, як зрэнку вока. І было ў яго назапашана ўсяго-на-ўсяго