Хвілін праз восем разарваны марсэль быў адвязаны і, прынесены ў выглядзе аграмаднага, доўгага, зьвернутага вузкага мяшка, прывязаны. Яго распусьцілі і — які жах! — некалькі дзірак зьзяла на ветразі.
Ісайка ўбачыў і зрабіўся бялей за сарочку.
Капітан ужо быў на баку.
— Падшкіпера сюды… Ветразьніка!
Падшкіпер з Ісайкам стаялі перад капітанам.
— Ты ветразьнік? — спытаў капітан, утаропліваючы налітыя крывёю вочы на Ісайку, што дрыжэў, як ліст, і акідваючы яго страшным зіркам.
— Я, ваша высокаблагародзьдзе ледзь прашаптаў Ісайка.
— Ты, падлюга? Боцмана! У лінькі яго! У гэтую-ж хвіліну!
Ісайка задрыжэў, быццам у трасцы. Зрэнкі вачэй расшырыліся. Сударгі прабягалі па яго твару.
— Ваша высокаблагародзьдзе… Я не… не вінаваты…
— Не вінаваты!.. Гэй! Спусьціць яму скуру! Ён не вінаваты! — бяз сэнсу гаварыў капітан.
Ужо двое унтэр-афіцэраў падбегла да Ісайкі, каб узяць яго, як раптам Ісайка кінуўся ў ногі капітану і, конвульсыйна лемантуючы, гаварыў:
— Я не магу… ваша высокаблагародзьдзе… Зьлітуйцеся… ваша…
Было штосьці жудаснае ў гэтым роспачным стогне. Старшы афіцэр адвярнуўся. Матросы