Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/135

Гэта старонка была вычытаная

нымі сіламі. З Магілёўшчыны паўстанцы павінны будуць рушыць на ўсход, у Расію. Пры паходзе праз Расію яны будуць падымаць проці царскага ўраду сялян, уцягваючы іх у паўстаньне. Апроч таго, трэба ўцягваць у рух нерасійскія народы, якія будуць падымацца проці царызму за сваё нацыянальнае вызваленьне. Паўстанцы ў сваім паходзе павінны трымаць курс на Казань, дзе ў гэты час польскія рэволюцыянэры разам з расійцамі падымуць проці расійскага ўраду татараў. Уся Волга загарыцца агнём паўстаньня, як гэта было ў часы Пугачоўскага руху.

Такі быў плян. У ім многа энтузыязму і пад'ёму, але мала практычнасьці. Плян прабуе абаперціся на сялянства ў той час як на чале кіраўніцтва паўстаньня стаіць кіраўнічы Белы Аддзел, што як раз ня толькі не ўцягнуў, але адштурхнуў сялянства, як масу, ад паўстанскага руху. Шырыня захопленай плянам тэрыторыі таксама рабіла яго нярэальным.

ВЫБУХ ПАЎСТАНЬНЯ КАЛЯ ДЗЬВІНСКУ (ДЫНАБУРГУ).

Як мы гаварылі вышэй, Віленскі Аддзел, захапіўшы кіраўніцтва паўстаньнем у свае рукі, вызначыў тэрмін пачатку паўстаньня на Літве і Беларусі. Бязумоўна, прыняцьце гэтага тэрміну стаяла ў сувязі з прынятым плянам Серакоўскага. Гэтым Белы Аддзел хацеў падкрэсьліць, што сапраўднае паўстаньне, паўстаньне плянавага характару, распачынаецца толькі цяпер, што паўстаньне, якое распачалося ў часы кіраўніцтва Віленскага Чырвонага Камітэту, ёсьць толькі як-бы ўступ да сапраўднага паўстаньня, якое распачынаецца толькі цяпер. Такое ігнораваньне дзейнасьці, якая адбылася ў часы існаваньня папярэдняга паўстанскага цэнтру на Беларусі і Літве, гаворыць яшчэ раз аб варожых адносінах Белага Адзелу да Чырвонага Камітэту, што залежала ад прынцыповых разыходжаньняў паміж белымі і чырвонымі. Аб тэрміну пачатку паўстаньня на Беларусі і Літве Віленскі Адзел папярэдзіў Варшаўскі Народны Жонд, які згадзіўся з вызначаным тэрмінам. Таксама былі даны адпаведныя загады і на месцы.

Атрыманы быў такі загад і ў Дзьвінскім (Дынабурскім) павеце, дзе павінна была па пляну распачацца галоўная чыннасьць. Паўстанцкім камісарам у павеце быў земляўласьнік Понцэт. Атрыманы загад Аддзелу застаў павет і яго камісара зусім не гатовымі да справы. Кіраўніцтва ўзброенымі паўстанскімі сіламі павету, якіх у рэчаістасьці пакуль-што яшчэ і ня было, даручалася маладому магнату Леону Зыберг-Плятэру, што меў маёнтак недалёка каля Дзьвінску. Леон Плятэр быў членам вялікай буйназемляўласьніцкай фаміліі, маёнткі якой былі раскіданы па ўсёй паўночна-заходняй частцы Беларусі. Уся гэта фамілія ў цэлым не спачувала паўстаньню. Яна вельмі добра сябе