Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/151

Гэта старонка была вычытаная

якія, па словах Мацкевіча, далёка не заўсёды выяўлялі сваю добрахвотнасьць. У такіх выпадках ён браў ад паноў харчы сілком, пагражаючы нават ім у патрэбных выпадках сьмерцю. Праўда, Мацкевіч вызначае, што такія выпадкі здараліся ня вельмі часта.

Пасьля перавароту ў Вільні, у сакавіку, калі кіраўніцтва паўстаньнем на Літве і Беларусі захапіў у свае рукі Белы Кіраўнічы Аддзел, ён рашыў выкарыстаць посьпехі Мацкевіча ўва ўласнай Літве для таго, каб тут утварыць вайсковы цэнтар паўстаньня. Сюды і накіраваўся Зыгмунт Серакоўскі. Раней, у пачатку красавіка, ён пабываў у Коўні, а адсюль пераехаў у мястэчка Шаты, што знаходзілася ў Жмудзкіх лясох. Тут ён прад‘явіў сваё прызначэньне на пасаду ваяводы Жмудзкага і Літоўскага, данае яму Белым Віленскім Аддзелам. Ранейшы Жмудзкі ваявода Длускі-Ябланоўскі, які меў прызначэньне яшчэ ад Чырвонага Камітэту, павінен быў здаць яму свае поўнамоцтвы, што ён і зрабіў. Сюды, у Шаты, былі выкліканы начальнікі паасобных паўстанскіх аддзелаў, якім было прапанована прызнаць уладу прысланага ваяводы, на што яны таксама згадзіліся. Апроч А. Мацкевіча, тут прысутнічалі Колышка, Малецкі, Куштэйка і інш.

Усе гэтыя начальнікі аддзелаў у большасьці належалі да чырвоных. Пасьля А. Мацкевіча найбольшы ўплыў сярод іх мае Колышка. Гэта — энэргічны, сьмелы рэволюцыянэр, вядомы сваёю агітацыяй і пропагандай яшчэ з канца 1862 году. Ён зьяўляецца тады пасьлядоўнікам Герцэна і пашырае яго творы сярод маладых расійскіх афіцэраў Лідзкага гарнізону. Зьмест агітацыі Колышкі наступны. Расійскі і польскі народы зьяўляюцца роднымі братамі. Паміж імі не павінна быць варожых адносін. Абодвы народы сумеснымі сіламі павінны змагацца проці агульнага іх ворага. Такім агульным ворагам рускага і польскага народу зьяўляецца расійскі царызм, які зьяўляецца разам з тым ворагам мужыка і абаронцаю інтарэсаў абшарніка. Сумеснымі сіламі трэба зьнішчыць царызм, вызваліць усе прыгнечаныя Расіяй народы і даць зямлю і волю сялянству ўсіх народаў. Паўстаньне прынясе вялікую карысьць ня толькі польскаму, але і расійскаму народу, які, абапіраючыся выключна толькі на свае сілы, ніколі, ня зможа вызваліць сябе з няволі царызму.

Паміж Серакоўскім і мясцовымі начальнікамі аддзелаў хутка пачалі выяўляцца прынцыповыя разыходжаньні. З. Серакоўскі і раней належаў да вельмі памяркоўнай групы чырвоных. У апошнія часы ён значна яшчэ пабялеў. Апроч таго, атрымаўшы ўпаўнаважаньне ад Белага Віленскага Аддзелу, ён павінен быў праводзіць яго прынцыповую лінію ў адносінах да напрамку паўстаньня. Дзякуючы гэтай лініі, да ўдзелу ў паўстаньні прыцягвалася земляўласьніцкая шляхта, што адсоўвала на задні плян „мужыцкую" програму чырвоных і пытаньне аб аграрнай рэволюцыі. І ў рэчаіснасьці панства Ковеншчыны спаткала прызначэньне і прыезд Серакоўскага вельмі прыхільна, весткі