Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/165

Гэта старонка была вычытаная

рыць сялянства мерамі строгасьці. Яшчэ ясьней піша на гэтую тэму ў канцы красавіка шэфу жандараў Віленскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр Лосеў. Ён кажа, што Дынабурскія мужычкі, якія, скарыстаўшы паўстаньне, разграмілі шмат панскіх маёнткаў, давялі добра, дзе знаходзіцца сіла расійскага ўраду[1]. Трэба ўсюды, дадае ён, гэтую сілу выкарыстаць і гэтым самым паказаць Заходняй Эўропе сапраўднае палажэньне Паўночна-Заходняга краю Расіі.[2] Вешальнік Мураўёў, які ў маі прыехаў на Беларусь, думку жандараў выкарыстаў у поўнай меры.

ПРЫЕЗД НА БЕЛАРУСЬ МУРАЎЁВА-ВЕШАЛЬНІКА.

Падзеі паўстаньня 1863 году, што разьвінуліся ў Польшчы, на Беларусі, Літве і Украіне к пачатку лета, нарабілі шмат шуму, як у Расіі, так і за граніцай. Заходня-Эўропейская дыплёматыя таго часу таксама часта выкарыстоўвала паўстаньне для варожых дэмонстрацый проці Расіі. Аб паўстаньні шмат пісалася як у расійскіх, так і ў замежных газэтах, што рабіла вялікі ўплыў на тагочаснае грамадзянства. Паўстанцы пасьпелі за гэты час утварыць сваю падпольную прэсу ў польскай, францускай, украінскай, беларускай, расійскай і іншых мовах. Шмат увагі аддаваў паўстаньню Герцэн у сваім „Колоколе“, які ў вялікім ліку пашыраўся ў Расіі. Аб паўстаньні пісалі ў сваіх падпольных адозвах і проклямацыях рускія рэволюцыйныя організацыі. Побач з гэтым у Пецярбург з тэрыторыі, абхопленай паўстаньнем, ляцелі данясеньні жандармэрыі і поліцыі. Прадстаўнікі мясцовай ўлады не шкадавалі фарбаў, каб павялічыць свае заслугі і сваё геройства ў барацьбе з паўстанцамі. Для гэтай мэты яны вельмі часта перавялічвалі ў сваіх данясеньнях сілы і магчымасьці паўстаньня. Разьбітыя і не разьбітыя паўстанскія аддзелы павялічваліся ў лічбах, выдумляліся цэлыя змовы, вышукваліся неіснаваўшыя ў рачаістасьці аклады зброі і г. д.

Усё гэта рабіла вялікае ўражаньне на кіруючы Пецярбург. Апроч таго, расійскія ўрадавыя колы былі вельмі скомпромэтаваны тым, што тое паўстаньне, якое яны абвясьцілі нязначным бунтам („мятеж"), так зацягнулася і набыло такія значныя памеры. Асабліва быў абураны расійскі ўрад тым фактам, што паўстаньне ахапіла такія тэрыторыі, як Беларусь і Украіна, якія лічыліся „искони русскими" тэрыторыямі; што паўстаньне сукосна перадалося ў цэнтральную Расію, у сярэдняе Паваложжа. А тут яшчэ і з сялянскім пытаньнем у Расіі было нядобра. Сяляне не задавальняліся царскім вызваленьнем 1861 году, хваляваліся і чакалі сапраўднага вызваленьня.

  1. Такія самыя выпісы аб Віленшчыне
  2. Па номэнклятуры Лосева - Беларусь