Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/168

Гэта старонка была вычытаная

штабе рэзэрвовай арміі, што была зьмешчана на Беларусі для падмацаваньня на ўсякі выпадак той арміі, якая змагалася з паўстаньнем на тэрыторыі Польшчы. У гэты час Мураўёў злажыў сваю першую запіску аб русыфікацыі Беларусі. Зьмест яе такі. Усе ўрадоўцы на Беларусі, асабліва губэрскія, павінны набірацца ў Цэнтральнай Расіі. Іх трэба выклікаць адтуль спэцыяльнымі абвяшчэньнямі і вабіць у заходнія губэрні „предоставив выгоды в чинах и содержании“. Што да „туземцев", то было-б карысна даць ім магчымасьць служыць у цэнтральных губэрнях імпэрыі, пасьля чаго, калі некатарыя з іх заслужаць даверу начальства, дык могуць атрымаць пасады і на Беларусі. Каб утварыць расійскі выгляд краю, трэба ўводзіць у быт насельніцтва расійскія назвы ўстаноў, пасад, мясцовасьцяй, вуліц і г. д. У расійскай мове павінны пісацца і друкавацца ўсе ўрадавыя і службовыя паперы і абвесткі. Старыя „літоўскія" законы па сваёй сутнасьці і форме не адпавядаюць запатрабаваньням „Паўночна-Заходняга" краю і адчужаюць Беларусь ад Цэнтральнай Расіі. Дзякуючы гэтаму, трэба выкасаваць з ужываньня ў судох на Беларусі Літоўскі Статут. Дакладная запіска зьвярнула ўвагу царскага ўраду на ўрадоўца асобых даручэньняў. Пасьля таго, як паўстаньне было задушана, у канцы 1831 года, Мураўёў у чыне генэрал-маёра быў назначаны на пасаду Горадзенскага губэрнатара. У часы свайго побыту ў Горадні ён выгаварыў тыя славутыя словы, што падае проф. М. Бэрг: „я ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць". Тут-жа ён упяршыню распачаў сваю вешальніцкую кар‘еру. У 1833 годзе ён павесіў Міхайла Валовіча, які прыбыў з эміграцыі ў Слонімскі павет у якасьці эмісара з рэволюцыйнаю мэтаю. Адначасна з ім ён павесіў яго аднамысьнікаў—сялян: Тодара Саўчука, Яна Анайскага, Мікалая Фірэтку, Якуба Марцынкевіча, Якуба Панасюка і іншых. У 1835 годзе Мураўёў быў назначаны губэрнатарам у Курскую губэрню. Тут ён набыў славу сваімі экзэкуцыямі над скарбовымі сялянамі, якіх ён катаваў, спаганяючы з іх падаткі. Курскім губэрнатарам Мураўёў прабыў да 1840 году. У гэтым годзе, дзякуючы, сваяцтву з тагочасным міністрам графам Канкрыным, які граў ролю фаварыта, пры Мікалаі І, Мураўёву ўдалося перабрацца ў Пецярбург на пасаду дырэктара дэпартамэнту падаткаў і збораў міністэрства фінансаў. Гэтаму пераводу ў Пецярбург бязумоўна садзейнічалі яго экзэкуцыі па справе падаткаў у Курскай губэрні. У 1842 годзе Мураўёў атрымлівае годнасьць сэнатара і назначэньне на пасаду дырэктара межавога корпусу. З 1850 года ён ужо член дзяржаўнай Рады. У канцы 1856 году М. Мураўёў назначаны начальнікам дэпартаманту ўдзелаў (прыватная маёмасьць царскай фаміліі) і вясною 1857 г. — міністрам дзяржаўных маемасьцяй. Астатнія тры пасады — дарэктара межавога корпусу, начальніка ўдзелаў і міністра — ён сумяшчаў, аб чым мы гаварылі ўжо вышэй.