Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/178

Гэта старонка была вычытаная

ліпня: на аснове іх і вышэйвызначанага абежніку пачалі спаганяцца дадатковыя контрыбуцыі.

Адначасна зьявіўся яшчэ адзін абежнік,[1] што загадваў губэрнатарам і павятовым вайсковым начальнікам — „об'явить через полицию всем домовладельцам-помещикам или их поверенным, чтобы они непременно в продолжении семи дней со дня об‘явления сего распоряжения внесли назначенный с их домов однопроцентный сбор“. Гэты абежнік быў дадаткам да абежніку аб 10% контрыбуцыі. Ён датычыў паноў-дамаўласьнікаў толькі польскага пахаджэньня.

У сярэдзіне чэрвеня Мураўёў выдаў абежнік да павятовых начальнікаў аб правядзеньні прасек лесу ўздоўж чыгунак.[2] „В виду охранения железной дороги признано необходимым очистить ее от прилегающего к ней леса: вокруг станций на 300 саженей во все стороны, а по дороге на 150 сажень как в одну, так и в другую сторону. Должно быть выслано рабочих с топорами от крестьян близлежащих селений с назначением им по 30 копеек в сутки каждому на их харчах. Ваше высокоблагородие озаботитесь, чтобы рабочие получали отдельно установленную плату и чтобы вообще при исполнении всего этого дела не были допущены какие либо беспорядки или злоупотребления". Як відаць з пачатку абежніку, прарубаньне лесу каля жалезнай дарагі мела сваёй мэтаю ахоўваць дарогу і станцыі ад нечаканых нападаў паўстанцаў, якія вельмі часта такімі нападамі перарывалі зносіны і перапраўку войска з месца на месца. Плату сялянам за вырубку лясоў павінен быў плаціць уласьнік лесу, ці гэта будзе скарб, ці прыватная асоба. Плата грашыма магла быць заменена платаю зрубленым дрэвам, на што вельмі ахвотна згаджаліся сяляне. Трэба зазначыць, што на практыцы найчасьцей вырубаліся лясы прыватных уласьнікаў. Апроч жалезных дарог, лясы прарубаліся і ў іншых мясцовасьцях, каб лягчэй было сачыць за паўстанскімі аддзеламі і прасьледваць іх. За часы Мураўёва для гэтай мэты было высечана шмат лесу. Памешчыкі на гэтым пацярпелі часовыя страты, сяляне крыху выйгралі. У Бельскім павеце Горадзенскай губэрні ў трох толькі маёнтках (графіні Патоцкай, Цяцерскага і Фэнша) было высечана лесу па тагочаснай расцэнцы на 12.000 срэбных рублёў. Наогул найбольш лесу было высечана ў Горадзеншчыне і Віленшчыне. Вырубаньне лясоў рабілася яшчэ з політычнай мэтаю, каб прыцягнуць у бок улады сялянства. Для гэтай-жа мэты ў пачатку зімы 1863 году Мураўёў выдаў загад, на аснове якога панскія двары ня мелі права адмовіць сялянству ў дрэве для апалу. Пры гэтым селянін павінен быў плаціць за атрыманае дрэва ня больш, чым ён плаціў за дрэва ў скарбовым лесе.

Абежнікам, выдадзеным 10 кастрычніка 1863 году, былі скасаваны ўсе судовыя прыгаворы на сялян, якія былі вынесены судамі

  1. Ibidem, стр. 296
  2. Ibidem, стр. 200-201