Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/221

Гэта старонка была вычытаная

рамесьнікі і дробная буржуазія падтрымлівалі паўстанцкі рух, ня гледзячы на вялікія небясьпекі, якія пагражалі ім за гэта ў часе ўзмоцненага Мураўёўскага тэрору. Даволі адзначыць хоць-бы такі факт,[1] што яўрэйская бедната ў самыя цяжкія для К. Каліноўскага часы, калі расійская поліцыя і жандармэрыя літаральна ганяліся па яго сьлядох, аберагала і дапамагала чырвонаму дыктатару Беларусі. Не дарма ў царскай улады злажылася ўражаньне аб нязлоўнасьці Каліноўскага.

УСТАНАЎЛЕНЬНЕ ДЫКТАТУРЫ К. КАЛІНОЎСКАГА.

Як мы ўжо зазначылі раней, пасьля арышту Я. Гейштора, з пачатку жніўня 1863 году, кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі і Літве перайшло выключна ў рукі крайных чырвоных. Больш левыя элемэнты з белых ці былі забіты ў бойках, ці сядзелі ў турмах, ці знаходзіліся ў выгнаньні. Што датычыць наогул белых, яны цяпер здрадзілі паўстаньню і стараліся ўсімі сіламі давесьці перад Мураўёвым і царскім урадам сваю поўную лояльнасьць і адданасьць царызму. Становішча чырвоных было вельмі цяжкое: ім цяпер трэба было змагацца на два фронты: ня толькі з царскім урадам, але і з сваімі белымі супольнікамі. Гэтая барацьба патрабавала ня толькі цьвёрдасьці і самаафярнасьці, але і поўнай концэнтрацыі ўсіх паўстанскіх сіл. Старая колегіяльная форма кіраўніцтва паўстаньнем цяпер не магла задаволіць. Узьнікла думка аб дыктатуры, якая поўнасьцю была падтрымана ўсімі сябрамі Камітэту. На Беларусі і Літве, дзякуючы асабліва цяжкім умовам барацьбы, дыктатура, такім чынам, зьявілася раней, чымсі ў Польшчы. Розьніца дыктатуры на Беларусі ад дыктатуры ў Польшчы была ў тым, што дыктатура на Беларусі была чырвоная, што залежала ад абставін паўстаньня. Дыктатарам паўстаньня на Беларусі Літве быў прызнаны К. Каліноўскі. Старая форма камітэту юрыдычна, праўда, заставалася, але фактычна ўсё кіраўніцтва паўстаньнем было ў руках дыктатара. Так было ў свой час і ў Польшчы, калітам была ўтворана дыктатура Р. Траўгута.

У свой час мы ўжо каротка спыняліся на жыцьцярысу і характарыстыцы К. Каліноўскага. Цяпер да гэтага мы толькі дадамо некаторыя з характарыстык, даных К. Каліноўскаму як яго сучасьнікамі, так і некаторымі аўтарамі літаратуры аб паўстаньні. Усе характарыстыкі, будучы ў дэталях часта непадобнымі адна да другой, у цэлым даюць тым ня менш даволі колёрытны малюнак гэтага выдатнага рэволюцыянэра свайго часу.

Часовы ваенна-палявы аўдыторыят, выносячы сьмяротны прысуд па справе падсуднага, К. Каліноўскага, — „находит, что еще в начале

  1. В.Ратч. Сведения о польском мятеже в Северо-Западной России. Вильно. т. ІII, ст. 245.