Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/224

Гэта старонка была вычытаная

фігуру чырвонага дыктатара Беларусі, называючы яго разам з тым „адным з мацнейшых розумаў Польшчы". Апошнія словы будуць для нас зразумелымі, калі мы прымем пад увагу, што Яноўскі ўсе землі былой Рэчы Паспалітай, як Беларусь, Літву і Украіну, лічыць часткамі адзінай паўстаўшай Польшчы. У агульных рысах характарыстыка Каліноўскага, зробленая Яноўскім, супадае з характарыстыкай, якую дае Я. Гейштор. Разыходзяцца яны ў адным дробным пункце. Яноўскі лічыць Каліноўскага чалавекам адукаваным у той час як Гейштор гавораць, што Каліноўскі „меў замала адукацыі". Калі прыняць пад ўвагу, што Каліноўскі скончыў унівэрсытэт, што ў бытнасьць сваю студэнтам ён удзельнічаў у рэволюцыйных гурткох яго часу, то нам трэба прызнаць, што Яноўскі бліжэй да праўды.

Шмат гаворыць аб Кастусю Каліноўскім і аўтар „Historyi dwoch lat" В. Пшыбароўскі. Мы возьмем з яго прац некалькі выняткаў.[1] „У часы паўстаньня найвыдатнейшаю асобаю ў Літоўскім Камітэце быў Каліноўскі. Крайні чырвоны, з дэмагогічнаю падаплёкаю, прыхільнік соцыяльнага перавароту, ён быў бясспрэчна чыстым чалавекам, з вялікай энэргіяй і нязломным характарам... Ужо ў Пецярбургу, як студэнт унівэрсытэту, ён належаў да ўсіх рэволюцыйных гурткоў, якія паўставалі на працягу некалькіх год у сталіцы... Ён ня верыў у паўстаньне, якое распачынала, рабіла і якім кіравала шляхта, а даводзіў, што толькі „сялянскія плечы" змогуць падняць Польшчу і Літву". Дзякуючы гэтаму, гаворыць далей В. Пшыбароўскі, К. Каліноўскі пайшоў хадзіць па Літве і Беларусі, па сялянскіх хатах і сеяў сярод сялянства зерні рэволюцыі. Ён не пераставаў увесь час гаварыць, што „сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяняці". З герцэнаўскага „Колокола" Каліноўскі ўзяў фэдэрацыйную тэорыю і прыстасаваў яе да Літвы і Беларусі. „Згодна яго думак, Літва разам з Польшчай павінна дабівацца непадлегласьці, змагацца за вызваленьне ад чужога захопу, але разам з тым зрабіцца асобнай адзінкай, незалежнай ад Польшчы і зьвязанай з ёю толькі фэдэрацыйна. На аснове гэтай тэорыі, уваходзячы ў склад Літоўскага Камітэту, Каліноўскі не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы, хацеў, каб гэты Камітэт урадаваў і кіраваў паўстаньнем самастойна і ў адносінах да Народнага Жонду займаў становішча ўлады роўнай і нікому непадлеглай. „Ня можна", гаварыў ён „паверыць будучыну Літвы той дурной кумцы Варшаве". Гэтая тэорыя Каліноўскага, якую ён агалашаў шчыра і адчынена, выклікала ў Літоўскім Камітэце шмат спрэчак і разыходжаньняў.

Трэба прыняць пад увагу, што В. Пшыбароўскі па сваіх перакананьнях належыць да крайняй правай часткі белых, да групы Веле-

  1. Dzieje 1863 roku; Przez autora "Historyi dwoch lat". Tom trzeci. Krakow. 1902, ст. 4-5