Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/226

Гэта старонка была вычытаная

быў „сэпаратыстам" і ў адносінах да Польшчы. Гэты „сэпаратызм", магчыма, перавялічаны некаторымі аўтарамі, прыхільнікамі „адзінай і непадзельнай" Польшчы базаваўся на фэдэралістычнай Герцэнаўскай тэорыі. Дакладна вызначыць яго вельмі цяжка, бо ён нідзе дакладна не формуляваны. Трэба думаць, што „незалежніцтва" К. Каліноўскага вымагала асобага віду аўтаноміі для Беларусі ў фэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай Польскай, в) Па сваіх асабістых якасьцях гэта быў энэргічны, здольны, бясстрашны і пасьлядоўны рэволюцыянэр чырвонай групы паўстаньня.

Гаворачы ўсё гэта, трэба добра памятаць, што К. Каліноўскі быў рэволюцыянэрам дробнабуржуазнай рэволюцыі, быў рэволюцыянэрам дробнабуржуазнага тыпу. Адсюль выцякаюць і яго адмоўныя якасьці: палавінчатасьць, нерашучасьць, згодніцтва ў адносінах да прадстаўнікоў буйной буржуазіі і буйназемляўласьніцкай шляхты, якія ўтварылі белую, па сутнасьці контр-рэволюцыйную, організацыю паўстаньня. Цэлы шэраг учынкаў К. Каліноўскага сьведчыць аб гэтым. Ён згаджаецца працаваць пад кіраўніцтвам белых у якасьці камісара Горадзеншчыны; працуе ў Аддзеле-Камітэце разам з белымі; будучы ўжо чырвоным дыктатарам, ён і тады не парывае з белымі, даючы ім дапамогу, што паміж іншым, як пабачым далей, і было прычынаю яго правалу і г. д. Справа ў К. Каліноўскага часта разыходзілася з словамі і дэвізамі, вось чаму Гейштор правільна адзначыў, што Каліноўскі быў „на словах крыважэрны дэмагог".

Цяпер мы пераходзім да апісаньня далейшых падзей. У другой палавіне ліпня Народны Жонд Маеўскае, каб наладзіць узаемаадносіны з Вільняю, ухваліў паслаць туды эмісара для перагавораў. У Вільні, як мы ведаем, кіраваў Аддзел-Камітэт, у якім галоўную ролю гралі ўжо чырвоныя на чале з Каліноўскім. У якасьці эмісара з Варшавы па сваёй уласнай ахвоце паехаў у Вільню Лявон Главацкі. Сваёй місіі пасланы камісар ня выканаў, як мы ўжо адзначалі вышэй. У давяршэньне ўсіх бед Л. Главацкі ня вынес мураўёўскага тэрору. Нявымоўна цяжкія абставіны паўстанскай працы на Беларусі і Літве зрабілі такое прыгнятаючае ўражаньне на прыехаўшага эмісара, што ён праз два-тры дні побыту ў Вільні захварэў нэрвова. З вялікімі цяжкасьцямі ўдалося Віленскаму Камітэту пераправіць хворага назад у Варшаву. У Варшаве Главацкі нават ня мог зрабіць справаздачы Народнаму Жонду, бо ён быў ужо ненормальны. „Мысьль яго згасла назаўсёды. Пасьля гэтага ён жыў яшчэ каля дваццаці год, але розум яго ўжо не паправіўся". [1]

Гэтая няўдача ня спыніла стараньняў Варшаўскага Народнага Жонду зьвязацца з Вільняю. Член жонду, Оскар Авэйдэ заявіў аб

  1. Maryan Dubiecki. Romuald Traugut i jego dyktatura podczac powstania styczniowego. 1863-1864. Krakow. 1907, ст. 102