Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/240

Гэта старонка была вычытаная

мая ўліліся паўстанскія групы Старынькевіча і Ваньковіча (Лелівы). Пад мястэчкам Століным 11 чэрвеня па старому стылю паўстанцы спаткаліся з расійскім аддзелам. Сьпіс боек з паўстанцамі, які складзены па загаду Мураўёва (№ 48), вызначае, што паўстанцы тут былі канчаткова разьбіты. Калі прыняць пад увагу весткі з працы проф. М. Бэрга, прац польскіх аўтараў, а таксама і разьвіцьцё падзей у далейшым, то трэба прызнаць, што паўстанцы пад Століным мелі перамогу над расійскімі сіламі. Праз нейкі час аддзел Траўгута спаткаўся з невялікім урадовым аддзелам пад Дамбровіцаю. Разам з вайсковым аддзелам проці Траўгута выступіла вялікая сялянская варта, бо ваколічныя сяляне былі настроены воража ў адносінах да паўстанцаў. Ня хочучы весьці бойку з сялянствам, Р. Траўгут адышоў бяз бою. У сярэдзіне ліпня аддзел Траўгута спаткаўся з моцным расійскім аддзелам пад Калоднам. Адбылася бойка, няўдалая для паўстанцаў. Рэшткі аддзелу павінны былі зноў пераправіцца праз рэчку Гарынь назад у Горадзеншчыну. Траўгут, захварэўшы на дызэнтэрыю, ня мог далей стаяць на чале аддзелу. Ён разьдзяліў свой аддзел на дзьве групы, камандаваньне групамі даручыў Ваньковічу (Леліве) і Млотку, а сам накіраваўся ў Польшчу на адпачынак. З адпачынку ў аддзел ён ужо не вярнуўся. Праз некалькі месяцаў ён робіцца дыктатарам паўстаньня ў Польшчы.

У Меншчыне ад ранейшага часу яшчэ дзейнічала паўстанская група Б. Сьвентаржэцкага. Яна была пад кіраўніцтвам адстаўнога штаб-ротмістра расійскай арміі Карказовіча і налічвала каля 50 паўстанцаў. У сярэдзіне чэрвеня група спаткалася ў Лочынскіх балотах Ігуменскага павету з моцным расійскім аддзелам пад кіраўніцтвам палкоўніка Быхава. Паўстанцы былі разьбіты, прычым каля палавіны групы прымушана было здацца. Папаў у палон і сам начальнік аддзелу Карказовіч. Б. Сьвентаржэцкаму ўдалося ўцячы. Паўстанцы, якім удалося рассыпацца па лясох і балотах, далучыліся да іншых паўстанскіх груп губэрні.

Сярод такіх груп мы можам назваць невялікую групу Чыжыка,[1] што дзейнічала ў паўночнай частцы Барысаўскага павету. Узаемаадносіны паміж групаю Чыжыка і сялянамі былі варожыя. Вёска Громіцы выдала расійскай уладзе аднаго з паўстанцаў групы Жаўняровіча, за што Чыжык падпаліў вёску. Зразумела, пры такіх умовах група не магла доўга існаваць. У сярэдзіне ліпня яна разышлася.

Недалёка каля Ігумену дзейнічала невялікая паўстанская група Собка (Ляскоўскага). Узаемаадносіны паміж групаю і сялянамі былі добрыя, і група, дзякуючы гэтаму, трымалася даволі доўга. Шмат нашумела ў свае часы справа аб нападзе Собка на генэрала Грунта пад самым Ігуменам 24 ліпня 1863 года. У жандарскім данясеньні

  1. Eugeniusz Kowalewski. Wspomnienie z przeszlosci. Przyczynek do historyi powstania styczniowego na Litwie. Wilno. 1907 г.