Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

чыну. З вышыні царскага трону адна за аднэю спадалі пэўныя палёгкі і ласкі і касаваліся розныя абмежаваньні. У паветры пачалі адчувацца больш вольныя павевы. Удзячныя за гэта земляўласьнікі Менскай губэрні, у сэрцах якіх ужо злажылася ўгодлівая полідыка, закупілі ўрачыстае набажэнства ў менскім катэдральным касьцёле, дзякуючы бога за гэтыя добрачынствы і за манарха, што іх зрабіў".[1] Гэтая ўгодліва настроеная шляхта прыезд цара лічыла „пэўнаю эпохаю ў жыцьці Менску". Яна сабралася к прыезду цара з сваіх маёнткаў у Менск, поўная надзей. Організацыяй урачыстага прыёму цара менскія земляўласьнікі маніфэстуюць сваё патрыятычнае пачуцьцё. За свае сродкі шляхта організуе баль і не шкадуе на гэта грошы. „Мясцовая магнатэрыя прыслала такую масу сталовага серабра і крышталю, што пад іх цяжкасьцю гнуліся сталы ў шляхецкім клюбе ў Менску".[2]

Такі самы ўгодлівы настрой земляўласьніцкай шляхты мы назіраем і ў Вільні, куды цар прыехаў 18 верасьня 1858 году. І тут шляхецтва ўрачыста сустракае цара і спраўляе яму на свае сродкі багатыя балі. Памяшканье Віленскага музэю рэмантуецца, на што шляхта траціць 1500 рублёў. У часе агляду музэю цару быў урачыста паднесены альбом з вершамі—Э. Адынца ад палякаў, В. Каратынскага ад беларусаў, КукальнІка ад рускіх і Акелевіча ад літвінаў. Альбом яскрава адбівае ўгодлівыя настроі земляўласьнікаў. Адынец, былы член гуртка філарэтаў, таварыш па Віленскаму унівэрсытэту А. Міцкевіча і Зана, называе расійскага цара насьледнікам трону Ягелёнаў, выказвае ўдзячнасьць ад мільёнаў, якім цар надае годнасьць чалавека, і праракае, што пад скіпэтрам Аляксандра ІІ настане пачатак нябескага царства на зямлі. Каратынскі пачынае свой верш з апісаньня ночы, якая дагэтуль панавала над Беларусьсю. Ен кажа, што няма ў нас чым прыняць багатага госьця, бо „залатых тканак ня судзіў нам бог". Самае наймілейшае ў нас—гэта матка зямліца, жоўты пясочак на яе палёх. Яе, зямлю дарагую, трэба несьці пасыпаць пад ногі госьцю, але і пры гэтым „расою пясок прамакае". Пад расою пясьняр разумее мужычыя сьлёзы і ад імя мужыцкае грамады кліча: „ узыдзі нам, соўнейка, падбяры расу". Зоркі міргаюць мужыком, што ўсе людзі будуць роўныя, але туман цёмны рынуў на палеткі, дык „ўзыйдзі нам, соўнейка, разгані туман".[3] Надзеі на Аляксандра ІІ былі такія моцныя, што нават вядомы польскі пясьняр Уладыслаў Сыракомля, радыкальна настроены, пералажыў на польскую мову прывітальны патрыятычны верш рускага поэты Кукальніка і надрукаваў за сваім подпісам у газэце „Kuryer Wilenski".

  1. Z. Kowalewska. Obrazki Minskie. 1850—1863. Wilno, 1912, ст. 71 - 2 .
  2. Ibidem, ст. 73—4.
  3. M. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. IV. Менск. 1926 г., ст. 140.