Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

яго традыцый і гісторыі. Напісаны ён у вельмі ўстрыманым тоне мільлеранаў і земляўласьнікаў з Таварыства, якія захапілі ўплыў у свае рукі. Пад адрасам, тым ня менш, было сабрана 18.000 подпісаў.

Па запатрабаваньню дэлегацыі обэр-поліцмайстар Варшавы Трапаў павінен быў выйсьці ў адстаўку, а на яго месца таксама па запатрабаваньню дэлегацыі быў назначаны ген. Паўлюці, роля якога зьвялася да пасярэдніцтва паміж урадам і дэлегацыяй. Быў абраны спэцыяльны камітэт для організацыі хаўтур пяці афяр і другі камітэт для зьбіраньня грошай на помнік ім. Трэба думаць, што дэлегацыя баялася рэволюцыйнага выбуху з боку чырвоных. Выдзеленая дэлегацыяй варта констэбляў адбірала зброю ў западазроных у такім настроі людзей. Тое самое адчувалася і ў адозьве, якую дэлегацыя 1-га сакавіка выдала, запрашаючы грамадзян на хаўтуры, прызначаныя на 2 сакавіка. У адозьве было напісана, што той, хто на хаўтуры прыдзе ўзброеным, будзе лічыцца за здрайцу края.

Хаўтуры былі праведзены вельмі ўрачыста. Набажэнства служыў біскуп. У процэсіі ўдзельнічала некалькі дзесяткаў тысяч народу. Парадак падтрымліваўся вартаю констэбляў і нідзе не парушаўся.

Пасьля хаўтур улада ў горадзе зноў заставалася ў руках дэлегацыі. Намесьнік Гарачкоў ня ведаў, што рабіць. У Пецярбург ляцелі тэлеграмы з запытаньнямі. Пад націскам дэлегацыі быў звольнены ў адстаўку куратар Варшаўскага вучэбнага округу Муханаў, непапулярны ў польскіх колах, што яшчэ больш павялічыла значэньне дэлегацыі.

Паглядзім цяпер, як адбіваецца маніфэстацыйна - патрыятычны гарадзкі рух на вёсцы. У самым пачатку сакавіка 1861 году Варшаўская дэлегацыя разам з мяшчанствам і духавенствам выдае і пашырае „Пасланьне да ўсіх радакоў Польскай зямлі". Пасланьне заклікае ўсе станы грамадзянства, асабліва сялян і паноў, да згоды паміж сабою. Шляхта павінна злучыцца з сялянствам, як брат з братам. Цемра і паншчына, што дагэтуль разлучалі паноў і сялян, хутка павінны зьнікнуць. Земляўласьнікі павінны правесьці пасадку сялянства на чынш, каб праз гэта прысьці да надзелу сялян уласнай зямлёй (pszez oczynszowanie do uwlaszczenia). Апроч гэтага, земляўласьніцкая шляхта павінна весьці сярод сялянства культурна-асьветную працу. З другога боку сяляне павінны збліжацца з панскім дваром, бо ад гэтага збліжэньня залежыць шчасьце, як саміх сялян, так і ўсяго народу. Пан, што як і раней крыўдзіць падуладных яму сялян, і селянін, што выступае проці пана, робяць злачынства перад цэлым народам. Ня трэба верыць абяцанкам расійскага ўраду аб вызваленьні сялян, ня трэба зьвяртацца да яго адміністрацыі і судоў. Усе процэсы і справы трэба разьвязваць самім. Калі сяляне аб‘яднаюцца з панамі, як браты і добрыя суседзі, а з імі злучацца мяшчане і рамесьнікі, тады нас чакае лепшая будучына.