Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

жуць што быў утвораны падпольны белы камітэт для агульнага кіраўніцтва політыкаю белых з Андрэем Замойскім на чале, але далейшыя падзеі даюць нам матэрыял для таго, каб ня верыць у заснаваньне ў тыя часы белага камітэту.

Як нам вядома, 6-го красавіка 1861 г. Земляробскае Таварыства было зачынена. Распачаліся маніфэстацыі. Чырвоныя шырока разгарнулі сваю чыннасьць. Аб белым кіраўнічым цэнтры няма ніякіх вестак. Наадварот, мы бачым, што прогрэсыўная польская магнатэрыя, што знаходзілася ў кіраўнічым ядры белых, з вялікаю сьпешнасьцю выяжджае за граніцу. Праўда, летамі 1861 году па Варшаве ходзяць няясныя чуткі, што белыя хочуць склікаць зьезд для абраньня свайго кіраўнічага цэнтру. Паміж іншым гэтыя чуткі мелі нейкі ўплыў і на тое, што чырвоныя з свайго боку сьпяшаліся хутчэй утварыць свой кіраўнічы орган, каб выбіць пяршынства ад белых. Летам ніякага зьезду белых не адбылося. Толькі ўвосень больш рухавая частка белых прыняла ўдзел у Гамбурскім зьезьдзе, які, як нам вядома, ня даў ніякіх вынікаў ні для белых, ні для чырвоных.

Толькі ў часы позьняй восені белыя пачалі выяўляць нейкую актыўнасьць. З Варшавы выехалі ў провінцыю Маеўскі з іншымі, і там сярод земляўласьнікаў распачаліся выбары на зьезд ў Варшаву. У канцы сьнежня 1861 году ў Варшаву сабралася каля 15 чалавек абраных дэлегатаў. У ліку дэлегатаў з городу Варшавы быў вядомы нам Юргенс—прадстаўнік мільлеранаў, аб якіх мы гаварылі вышэй. Гэты факт сьведчыць аб тым, што мільлераны за прабеглы час значна наблізіліся да белых земляўласьнікаў і наадварот. Большасьць удзельнікаў зьезду складалася з белых членаў зачыненага Велепольскім Земляробскага Таварыства. Прыступілі да абраньня цэнтру, які ўхвалена было назваць Дырэкцыяй. Склад Дырэкцыі быў вызначаны ў пяць асоб. Старшынёю Дырэкцыі абралі Андрэя Замойскага, але ён сваю кандыдатуру зьняў. Гэты факт упачатку абяскуражыў сабраўшыхся. Адмаўленьне ад старшынства ў Дырэкцыі гаварыла аб тым, што Замойскі ня хоча ўваходзіць у Дырэкцыю на роўных правох з іншымі яе сябрамі, што ён хоча граць ролю караля-патрона, у адносінах да якога Дырэкцыя павінна быць як-бы падпарадкаваным органам. Асабліва падкрэсьліваў гэтую думку ў сваёй прамове К. Маеўскі, які быў сярод прысутных самым левым. Адмаўленьне Замойскага, трэба думаць, стаяла ў сувязі з тым, што гэты магнат ня быў згодзен з тым напрамкам, які прымала Дырэкцыя. Замойскі не адважваўся ступіць на шлях нелегальнай працы.

Пасьля адмаўленьня Замойскага яго кандыдатура была зьнята. Выбары сталі адбывацца далей. На аснове выбараў у склад Дырэкцыі ўвайшлі—ад земляўласьнікаў Курд і Вайцахоўскі, ад прамыслоўцаў варшаўскіх Кронэнбэрг, Юргенс і Маеўскі. Кронэнбэрга абралі, як вельмі багатага банкіра, які сваімі сувязямі патрэбен быў Дырэкцыі