Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

расу мы бачым, што белыя, у процівагу чырвоным, у адносінах да „крэсаў" трымаюцца яўна выразных цэнтралістычных поглядаў. Ім зусім незразумела нацыяльная програма чырвоных нават у той няяснай форме, якую мы разьбіралі вышэй.

Даведаўшыся аб проекце адрасу, і яго зьмесьце намесьнік даў зразумець белым, што ніякага адрасу ён ня прыме і будзе лічыць такую падачу незаконнай і проціўрадавай. Тады земляўласьнікі, што сабраліся на зьезд, перарэдагавалі адрас на мандант і падалі гэты мандант Андрэю Замойскаму. Пад мандатам падпісалася каля 200 земляўласьнікаў, і хутка ён пашырыўся па Варшаве і па краі. Хутка аб адрасе-мандаце даведаўся і расійскі ўрад. Замойскі быў выкліканы да намесьніка, які строга зазначыў яму, што ўрад незадаволены вынікамі зьезду. Праз нейкі час Замойскі быў вывезены ў Пецярбург. У Пецярбургу Замойскаму было загадана выехаць за граніцу. У канцы верасьня Замойскі павінен быў выехаць. Высылка Замойскага павінна была зьменшыць веру Дырэкцыі ў легальныя магчымасьці і зьвярнуць яе ўвагу на ўзмацненьне нелегальнай чыннасьці.

У першых днёх кастрычніка Дырэкцыя робіць надта позную і няўдалую спробу зьвярнуцца да шырокіх мас. Яна выдае нелегальна надрукаваную адозву да рамесьнікаў. Адозва напісана вельмі шурпата. Белыя зварочваюцца да рамесьнікаў з перасьцярогаю, каб яны ўстрымліваліся ад крайніх учынкаў. Рамесьнікі не павінны ісьці за „чырвонымі фанатыкамі", якія для сваіх мэтаў ня спыняюцца нават перад праліцьцём крыві і вядуць рамесьнікаў па няправільнаму шляху. Далей белыя наіўна скардзяцца на тое, што для людзей, якія кіруюцца розумам, а не пачуцьцём, цэнзура зачыніла ўсе магчымасьці гаварыць громка і адчынена з рамесьнікамі і рабочымі. Гэта, кажуць белыя, перашкаджае здаровым думкам прасякаць у рамесьніцкія колы і весьці іх простаю дарогаю да лепшай будучыны. У канцы адозва зварочваецца да рамесьнікаў з прапановай, каб яны якім - колечы способам паразумеліся паміж сабою, выдзелілі з сваіх колаў прадстаўнікоў, якія зьвязаўшыся з белымі, будуць працаваць на карысьць агульнай для ўсіх бацькаўшчыны.

Зразумела, адозва белых засталася бяз усялякіх вынікаў. Рамесьнікі і рабочыя былі моцна зьвязаны з чырвоным рухам і прыймалі ў ім ужо даўно чынны ўдзел. Ніхто на адозву Дырэкцыі не зьвярнуў ніякай увагі і не адгукнуўся. Нават пашырэньне сваёй адозвы белыя не маглі паставіць як належыць. Цяпер не памагалі ім і грошы, што ляжалі ў іх касе. Дырэкцыі заставалася толькі сачыць за дзейнасьцю і ростам Цэнтральнага Народнага Камітэту і рабіць усе крокі да яго пабяленьня. Гэта ім удавалася.

Пры такіх умовах Дырэкцыя ўхваліла яшчэ раз склікаць зьезд. Зьезд адбыўся ў Варшаве ў другой палавіне сьнежня. Гэта быў ужо легальны зьезд. На зьезд сабраўся зусім невялікі лік асоб, усяго адзі-