Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

з біскупам Красінскім. Апроч касьцельных штандараў несьлі штандары з белым арлом, пагоняю і іншымі дэмонстрацыйна-патрыятычнымі эмблемамі. Побач з шляхтай і інтэлігенцыяй, дзякуючы популярнасьці песьняра, у процэсіі ўдзельнічала шмат мяшчан і рамесьнікаў, якія ішлі пад штандарамі сваіх цэхаў. Поліцыя не адважылася выступіць проці процэсіі, і яна бясьпечна дайшла да могілак. На могілках гаварыліся патрыятычныя прамовы. Адчуваўся падаём опозыцыйнага настрою. Тры шляхцічы над магілаю пісьменьніка далі ўрачыстае абяцаньне, што яны бяруць на сябе апеку над дзецьмі Сыракомлі, прычым кожны з іх узяў да сябе ў сям‘ю па аднаму сыну песьняра. Было ўхвалена пабудаваць на магіле Сыракомлі грандыёзны помнік з каменьняў, прывезеных з усіх часьцін былой Польшчы. Такога помніку так і не пабудавалі, бо хутка распачалося паўстаньне, якое павярнула справы ў другі бок. Хаўтурныя набажэнствы і маніфэстацыі, зьвязаныя з сьмерцю Сыракомлі, адбыліся па. ўсіх гарадох Беларусь У Польшчу гэты рух не перадаўся. Толькі ўжо ў сьнежні хаўтурнае ўрачыстае набажэнства па Сыракомлі адбылося ў Варшаве.

Што датыча белых на Беларусі, то яны ў другую палавіну 1862 году выяўляюць нейкую актыўнасьць. У канцы жніўня і пачатку верасьня белыя ажыўлена зносяцца паміж сабою. У пачатку верасьня белыя зьехаліся ў Вільні. Тут пасьля доўгіх спрэчак яны абралі свой Камітэт, які складаўся з наступных земляўласьнікаў: Антона Еленскага, Аляксандра Аскеркі, Віктара Старжынскага, Станіслава Плятэра, Францішка Далеўскага і Якуба Гейштора. Галоўную ролю ў Камітэце гралі Старжынскі і Гейштор. Самым левым з сяброў Камітэту быў Ф. Далеўскі, які быў у блізкіх адносінах з памяркоўнымі чырвонымі.

Калі ў верасьні адбываўся ў Варшаве зьезд Дырэкцыі, організаваны А. Замойскім, з дазволу расійскай улады, дык на гэтым многалюдным зьезьдзе была даволі вялікая дэлегацыя белых з Літвы і Беларусі. Яна складалася больш як з дзесяцёх асоб. Частка дэлегатаў прыехала па мандатах з Беларусі і Літвы, частка па асабістых запросінах ад Дырэкцыі з Варшавы. Як мы ведаем, на зьезьдзе ў Варшаве быў складзены політычны адрас-мандат, які так сумна скончыўся для Замойскага і Дырэкцыі. Думка аб падачы, політычнага адрасу, была прывезена беларускімі дэлегатамі і на Беларусь. Белыя пасьля Варшаўскага зьезду сабраліся ў Вільні і паставілі на разьвязаньне пытаньне аб падачы адрасу, які заявіў-бы расійскаму ураду аб неабходнасьці далучэньня Беларусі, Літвы і Украіны да Польшчы. Падняліся гарачыя дэбаты. За падачу адрасу стаяў Старжынскі. Гейштор і іншыя лічылі, што цяпер ня час для адрасоў, што трэба весьці працу па організацыі земляўласьніцкіх белых сіл, а не займацца пісаньнем адрасоў. Перамагла група Старжынскага. Было ўхвалена распачаць падрыхтоўку да падачы політычнага адрасу і на Беларусі.