Старонка:Adplata 1946.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

І вось вам яны, партызаны,
І тайны хаўрус,
І ён, камандзір ваш абраны,
Кандрат Белавус.

Навошта было задзірацца?
Страляць з-за вугла?
Цішком-бы сядзелі вы, братцы,
Бяда-б не прышла.

Не ўтоішся з справай такою…
І нікне Цімох:
Баіцца ён сам прад сабою
Прызнаць свой падвох.

II

З-за двух дубоў з шырокімі вярхамі,
Што многа лет над Свіслаччу стаяць,
Слупы-агні, як свечкі ў нейкім храме,
Вясёлкамі сыйшлі на сенажаць.

Туману шоўк бяляваю заслонай
Павіс над шклом знямелых азярын,
А неба круг гарожаю чырвонай
Спускаецца на землю, нібы тын.

Мінула ноч, і цемрадзь расплылася,
Рассунуўшы прасторы над зямлёй.
Кусты лазы, як стада на папасе.
Раскіданы прыгожа за ракой.

Асветлена зямля, яе разлогі,
І ўся яна — раскрытая далонь: