Старонка:Adplata 1946.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

А злачынцам, тым паскудам,
Што другіх прадаць гатовы,
Няхай росцяць лес, дубровы
Сук закляты, як іудам.

  • *
 *

А голас, пранізаны жалем
І роспаччу сэрца, душы,
Цямраныя ўзрушвае хвалі,
Знямеласць тужлівай глушы.

"Ох, божа мой, божа!" - галосіць
Жанчына ў лясочку пустым: -
І як-жа зямелька іх носіць?
Чаму іх не высмаліў дым?

Няхай-жа ім сонца не свеціць!
Няхай-жа аслепнуць яны!
Няхай у іх рэбры дзьме вецер!
Няхай іх склююць груганы!

Пажэрлі, пабралі, спалілі -
Маланкай іх, божа, спалі!
Каб дзеці іх к іхняй магіле
Ніколі дарог не знайшлі!

Няхай-жа атрутаю стане
І ім і прыслужнікам іх
Вада і раса на паляне
І ягады пушчаў глухіх!