жана на вагах розуму, а не прымацца на веру. У прадмове да «Притчей Соломона» ён гаворыць аб тым, што той, хто чытае іх, павінен падыходзіць «ко познанию мудрости и наказания и ко зрозумению слова смыслена». Тую ж думку ён вар'іруе і ў сваіх прадмовах да кніг «Премудрость» і «Иисус Сирахов», падкрэсліваючы, што указаныя кнігі «приводят нас к познанию мудрости и к добрым обычаем путем разуму». У сваю чаргу ў працэсе пазнання чалавечы розум павінен абапірацца на законы логікі, якая, паводле яго выразу, «учит з доводом разознати правду от кривды»[1], г. зн. вучыць правільна мысліць, разважаць.
Гэтыя рацыяналістычныя думкі адводзяць Скарыну за межы багаслоўскай артадаксіі. Мысліцель на першы план ставіць не веру, а розум, лагічнае мысленне, што не магло быць у той час адобрана царквой, якая патрабавала, каб ісцінны хрысціянін верыў у самыя недарэчныя, неразумныя рэчы, заглушыў у сабе здольнасць да самастойнага мыслення і разважання. Царква не дапускала ні малейшага адступлення ад агульнапрынятых рэлігійных догмаў і ўсякае праяўленне свабоднай думкі аб'яўляла адзнакай слабасці веры, цяжкім грахом і няшчасцем, з якімі трэба змагацца самымі рашучымі мерамі.
Аднак Скарына ― вельмі супярэчлівая і непаслядоўная асоба. Яго погляды, гуманістычныя у сваёй аснове, маюць у моцнай ступені багаслоўскую афарбоўку. Ім не зжыты яшчэ старыя традыцыйныя формы мыслення, але ужо прыкметна пачалі праяўляцца новыя свецкія погляды. Адчуваючы на сабе павевы новай эпохі, ён пратэстуе супраць сярэдневяковай схаластыкі, але, выхаваны часткова на «кніжнай мудрасці» гэтай схаластыкі, ён не можа адарвацца ад уплыву старых традыцый, вызваліцца з моцных акоў «усясільнай тэалогіі». Часам ён сам яшчэ будуе свае разважанні на прыёмах схаластыкі. Напрыклад, у прадмове да «Деяний апостольских» ён ставіць наступныя пытанні: «почем господь уступал на небо? которого часу? на котором месте? кто при том был? кто свидетельствовал?» і г. д. Схаластычны напрамак мае таксама і яго прадмова да «Послания апостола Павла к римлянам», у якім прыводзяцца раздзелы аб дваякім Адаме, траякай смерці, траякім жываце і да т. п.
- ↑ "Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во всю библию рускаго языка", л. Г.