Старонка:Aleksiutovic Mikalaj.Skaryna.Jaho dziejnasc i svietapohlad.djvu/107

Гэта старонка не была вычытаная

сугучнасці поглядаў Скарыны перадавым ідэям гусізма, але не аб цеснай сувязі яго з гусізмам і, у прыватнасці, з «мараўскімі браццямі», ідэалогія якіх атрымала пашырэнне толькі пасля выхаду у свет «утраквісцскай» бібліі, г. зн. пасля 1518 г.[1]

Даказаць прыналежнасць Скарыны да гусізма таксама немагчыма, як немагчыма даказаць яго прыхільнасць да лютэранства. І тое і другое толькі дапушчэнне. А калі звярнуцца да фактаў, то прыходзіш да вываду, што дзейнасць і творчасць Скарыны нельга ўціснуць у вузкія рамкі якога-небудзь пэўнага веравызнання. Ён ставіў сябе вышэй дагматычных асаблівасцей той ці іншай царквы, называючы сябе проста хрысціянінам. Яго мэтай было асвечанне людзей і выхаванне ў іх высокіх маральных прынцыпаў. Пытанні рэлігіі ў яго светапоглядзе займалі не галоўнае месца.

Скарына аднолькава далёкі як ад дагматычнага праваслаўя, так і ад каталіцызма, за што і быў падвергнут пазней крытыцы. Аднак было б памылкова з гэтага рабіць вывад, што ён быў пратэстантам, а тым больш прадвеснікам нейкай асобай беларускай рэлігійнай рэфармацыі, як аб гэтым пісалася ў перадавым артыкуле часопіса «Іskry Skaryny» № 4 за 1934 год.

Недарэчнасць і негрунтоўнасць сцвярджэння аўтара гэтага артыкула настолькі відавочныя, што зусім няма патрэбы яго абвяргаць. Вядома, што ніякай асобай беларускай формы хрысціянства ніколі не існавала і ніхто не ставіў нават мэты ствараць яе. Гісторыкі гэта добра ведаюць. Што датычыць Скарыны, то ён трывала увайшоў у гісторыю як першадрукар і вучоны, а не як царкоўны рэфарматар тыпу Лютэра або Кальвіна. Яго менш за ўсё займала канфесіянальнае пытанне, і ён не прытрымліваўся строга той ці іншай царкоўнай дактрыны, не ставіў сабе мэты рэлігійнай прапаганды. У гэтых адносінах ён быў тыповым прадстаўніком эпохі Адраджэння. Між іншым і часопіс «Jskry Skaryny» вымушан прызнаць гэта. У № 5 за 1935 г. аб Скарыне гаворыцца як аб чалавеку вольным і незалежным», якога менш за ўсё закраналі рэлігійныя пытанні. У пацвярджэнне прыводзіцца спасылка

  1. Гл. А. V. Florovskіj. Fr. Skorіna et son actіvіté..., стар. 3-4.