Старонка:Aleksiutovic Mikalaj.Skaryna.Jaho dziejnasc i svietapohlad.djvu/139

Гэта старонка не была вычытаная

сылаецца і на «иные словеньские пераклады» і, у прыватнасці, на «апракос», г. зн. на «рускі» пераклад (мабыць, пераклад Скарыны)[1].

У канцы 60-х гадоў ХVІ ст. у Беларусь з Масквы ад праследаванняў царкоўнікаў уцяклі рускія кнігавыдаўцы Іван Фёдараў[2] і Пётр Цімафеевіч Мсціславец[3], якія дзякуючы садзейнічанню беларускага магната Хадкевіча заснавалі ў Заблудаве друкарню і выдалі тут на працягу 1568—1570 гг. «Евангелие учительное» і «Псалтирь с часословцем». Іх сумесная выдавецкая дзейнасць у Беларусі працягвалася, аднак, не доўга. Пасля закрыцця па невядомых прычынах друкарні ў Заблудаве І. Фёдараў адправіўся на Украіну, у Львоў, дзе ім быў пакладзен пачатак украінскаму кнігадрукаванню, а П. Мсціславец па запрашэнню Мамонічаў і Зарэцкіх пераехаў у Вільна, надрукаваўшы там «Четвероевангелие» (1575 г.) і «Псалтирь» (1576 г.) і гэтым самым аднавіў перапыненае на цэлае поўстагоддзе кнігадрукаванне.

Уплыў маскоўскіх першадрукароў на развіццё кнігадрукавання ў Беларусі і на Украіне зусім неаспрэчны. Ён сказаўся перш за ўсё на тэхніцы кнігадрукавання ў друкарнях Вільна і Астрога. Побач з гэтым на віленскіх і астрожскіх выданнях выразна відаць і ўплыў Скарыны. У віленскіх выданнях XVІ ст. усюды паўтараюцца вялікія літары і застаўкі Скарыны-тыя самыя, якія сустракаюцца ў яго «Апостоле» і «Малой подорожной книжице». Далей, як гаворыць П. В. Уладзіміраў, надрукаваныя ў Вільна «Псалтири» 1586 і 1593 гг., нягледзячы на нязначныя адрозненні ў правапісе і друкарскіх упрыгожаннях, вельмі падобныя да скарынінскай «Псалтири» з боку зместу. Таксама, як і пражская «Псалтирь» Скарыны, яны адносяцца да ліку «Учебных Псалтирей»[4]. Харак-

  1. П. В. Владимиров. Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык, стар. 237.
  2. В. К. Лукомскі ў сваёй рабоце «К вопросу о родословной Ивана Фёдорова» дапускае «магчымасць паходжання Івана Фёдарава з рускай галіны беларускага роду Рагоз». (Гл. зборн. «Иван Фёдоров, первопечатник», стар. 173).
  3. Пётр Мсціславец — беларус і, на думку А. Н. Пыпіна і В. Д. Спасовіча, «быў адным з майстроў у друкарні Скарыны і ў Маскву прыйшоў з Вільны». (Гл. История славянских литератур, выд. 2-е, т. 1, Спб. 1879, стар. 325).
  4. П. В. Владимиров. Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания, язык, стар. 208, 210.