тага часу, з'яўляючыся асноўнай работай аб Скарыне. Яно складаецца з дзвюх частак. У першай даецца характарыстыка духоўнага жыцця Беларусі ў XV — XVІ стст., асвятляецца перакладчыцкая дзейнасць Скарыны, падрабязна разглядаюцца яго пражскія і віленскія выданні, устанаўліваецца іх паходжанне і ўплыў на развіццё кнігадрукарскай справы ў Беларусі, на Украіне і ў Расіі. Параўнаўшы кнігі Скарыны з сучаснымі ім тэкстамі «св. писания», П. В. Уладзіміраў прыйшоў да вываду, што яны больш за ўсё звязаны з чэшскай бібліяй 1506 г., стараславянскімі рукапіснымі тэкстамі і кракаўскімі выданнямі Феоля. У той жа час Скарына выкарыстоўваў у якасці дапаможніка і лацінскую біблію, з напісанымі да яе прадмовамі Іераніма і каментарыямі Мікалая Лірана. Скарынінская біблія не мае ніякіх адносін да пратэстанцкіх перакладаў «св. писания» и не адпавядае духу каталіцкай бібліі. П. В. Уладзіміраў робіць вывад, што выданні Скарыны былі прызначаны «для праваслаўнага насельніцтва Паўднёва-Заходняй Русі», якому ён імкнуўся даць поўную і зразумелую біблію як кіраўніцтва для выхавання высокіх маральных прынцыпаў, рэлігійных пачуццяў і разам з тым асветную кнігу.
У другой частцы дадзен аналіз мовы перакладаў Скарыны. Даследчык устанаўлівае, што гэта была ў сваёй аснове беларуская літаратурная мова XVІ ст. з прымессю да яе стараславянскіх і чэшскіх слоў.
Аднак кніга П. В. Уладзімірава мае і рад недахопаў. Асноўны яе недахоп — гэта адсутнасць аналізу дзейнасці і поглядаў Скарыны ў сувязі з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця беларускага народа і развіццём класавай барацьбы ў краіне. П. В. Уладзіміраў спыняецца Толькі на характарыстыцы рэлігійна-маральнага стану тагачаснага беларускага грамадства і толькі ў гэтай сувязі разглядае выдавецкую дзейнасць Скарыны, мову яго перакладаў і друкаваных выданняў. Як і іншыя аўтары работ аб Скарыне, ён вельмі перавялічвае рэлігійны момант, надае яму дамініруючае значэнне ў ацэнцы дзейнасці першадрукара, з чым, безумоўна, нельга згадзіцца.
Пасля апублікавання манаграфіі П. В. Уладзімірава аж да выхаду зборніка «Чатырохсотлецце беларускага друку» (Мінск, 1926) не выйшла ніводнай колькі-небудзь