побач з «чорнымі людзьмі» горада актыўны ўдзел прымаюць уцёкшыя з вёскі ад прыгоннага гнёту «нявольныя» людзі. Дваранства скардзілася каралю, напрыклад, што «паробки невольные» разам з «иньшыи ремесленники... шляхту бьють, рубають и до смерти забивають»[1].
Аднак класавая барацьба сялян і гарадской беднаты ў Беларусі ў гэты перыяд носіць яшчэ разрознены характар: тыя і другія змагаюцца разрознена і няўмела, не будучы ў стане ўзвысіцца над мясцовымі правінцыяльнымі інтарэсамі. Адсутнічаюць ясныя перспектывы барацьбы. Не было яшчэ той грамадскай сілы, якая магла б стаць на чале стыхійнага, неўсвядомленага руху народных мас. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе ў XV-XVІ стст. адбываюцца буйныя паўстанні сялянства і гарадскога плебса, у Беларусі ў гэты час адзначаны толькі асобныя сялянскія бунты і хваляванні. Паласа народнавызваленчых паўстанняў, ініцыятарамі якіх былі казацка-сялянскія масы, адносіцца тут к канцу XVІ ст. і галоўным чынам к першай палавіне XVІІ ст.
Своеасаблівасцю антыфеадальнай барацьбы народных мас Беларусі было тое, што яна самым цесным чынам перапляталася з вызваленчай барацьбой супраць польскіх і літоўскіх феадалаў і каталіцкай царквы, якія імкнуліся не толькі палітычна, але і ідэалагічна закабаліць беларускі народ, задушыць у ім думку аб нацыянальнай незалежнасці, разарваць яго сувязі з брацкім рускім народам. Таму ў ідэйна-палітычным жыцці краіны велізарнае значэнне набывае рэлігійная ідэалогія. Барацьба праваслаўя і каталіцызма, за якой стаялі пэўныя класы, пэўныя грамадскія сілы, накладвае свой адбітак на ўсе грамадскія пытанні, на развіццё філасофскай і грамадска-палітычнай думкі беларускага народа.
Наступленне каталіцызма супраць праваслаўнага заходнерускага насельніцтва пачалося яшчэ ў канцы ХІV ст., з часу заключэння паміж Польшчай і Літвой Крэўскай уніі (1385). Паводле ўмоў гэтай уніі, вялікі князь літоўскі Ягайла, які прыняў тытул польскага караля, абавязаўся далучыць землі літоўскія, жмудскія і рускія да польскай кароны, а насельніцтва гэтых зямель «к вере католической и св. послушанию римской церкви
- ↑ АЗР, т. ІІІ, № 4.