даў. Яна завязвае ажыўленыя дыпламатычныя зносіны з Прусіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Італіяй, Польшчай, Швецыяй, Персіяй, Малдавіяй, Турцыяй і іншымі краінамі.
«Збіральную» палітыку Івана ІІІ паспяхова працягвалі Васілій ІІІ і Іван Грозны. Імі былі знішчаны апошнія рэшткі ўдзельнай Русі, далучаны Пскоў, Сібір, Казанскае і Астраханскае царствы; у працяглай і ўпартай барацьбе ў Літвы былі адваяваны Смаленск (1514) і часова Полацк (1563). Да рускай дзяржавы адышлі землі ў басейне Дзясны і Сожа з гарадамі Любеч, Старадуб, Чарнігаў. Актывізуючы сваю дзейнасць па збіранню рускіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель, рускія цары зыходзілі з таго, што яны маюць законнае права на спадчыну Старажытнарускай дзяржавы як сваёй «государевой вотчины» і, значыць, на ажыццяўленне тытула: «царя всея Руси-Великое, Малое и Белое». У перагаворах з польскімі і літоўскімі пасламі рускія паслы пастаянна патрабавалі: «Всю русскую землю хотим имети», «хотим за свою отчину стояти»[1]. Польскі кароль, заяўляў Васілій ІІІ пры заключэнні перамір'я паміж Польшчай і Масквой у 1517 г., «нашу отчину держить за собою неправдою», і таму Масква дабіваецца і будзе дабі вацца «своей отчины, русских городов: Киева, Полтеска, Витебска и иных городов Русские земли»[2].
Усё часцей пад абарону мацнеючай Рускай дзяржавы пачалі ў канцы XV і пачатку XVІ ст. добраахвотна «аддавацца» цягацеўшыя да Масквы праваслаўныя беларускія феадалы. У 1506 г. у Беларусі ўзнялі паўстанне супраць польска-літоўскага ўладарання князі Глінскія, падтрыманыя іншымі феадаламі. Спачатку паўстанне аказалася паспяховым: атрады паўстаўшых штурмавалі Гродна, Навагрудак, Слуцк, Тураў, Мазыр; на іх бок перайшлі Мсціслаўль, Орша, Крычаў, Гомель[3]. Але Глінскія не здолелі ўзняць на барацьбу народныя масы Беларусі, што і з'явілася асноўнай прычынай паражэння паўстання.