Старонка:Aleksiutovic Mikalaj.Skaryna.Jaho dziejnasc i svietapohlad.djvu/57

Гэта старонка не была вычытаная

значэнню культурную дзейнасць Скарыны на карысць свайго народа. Хутчэй за ўсё яны аказвалі яму матэрыяльную падтрымку ў першы час (і ў Празе, і ў Вільна), зыходзячы з пэўных камерцыйных разлікаў. Але ў ХVІ ст. кніжная справа яшчэ не прыносіла колькі-небудзь значных даходаў[1]. Пераканаўшыся ў гэтым, зацікаўленыя асобы з цягам часу маглі змяніць свае адносіны да Скарыны, пазбавіць яго матэрыяльнай дапамогі і абароны, без чаго ён, збяднеўшы да гэтага часу канчаткова, не мог самастойна весці кніжную справу.

Нарэшце, не магла адносіцца абыякава да выданняў Скарыны і каталіцкая царква, бо выданні Скарыны на «рускай» мове з'яўляліся вялікай небяспекай для католікаў, таму што яны служылі немалой перашкодай у іх палітыцы. Ды і не толькі каталіцкая царква, але і іншыя рэакцыйныя элементы не маглі не адносіцца падазрона, або нават варожа да вялікіх пачынанняў гуманіста Скарыны. Усяляк перашкаджаючы яго выдавецкай дзейнасці, яны маглі ўрэшце вымусіць яго пакінуць сваю любімую справу і шукаць колькі-небудзь здавальняючых умоў для прымянення сваіх ведаў.

Як бы там ні было, а ўмовы для выдавецкай дзейнасці Скарыны у Вільна складваліся вельмі неспрыяльна. Магчымасці яго былі абмежаваны ў многіх адносінах, і перш за ўсё, як ужо было адзначана, яго рабоце перашкаджалі няспынныя судовыя праследаванні, якія прыносілі яму шмат клопатаў і непрыемнасцей. Скарына вымушан быў займацца іншымі справамі, шукаць работу, што перашкаджала яму спакойна жыць і працаваць. Можа, іменна таму ён і пакідае назаўсёды Вільна і пераязджае зноў у Прагу.

Паўторнае знаходжанне Скарыны ў Празе апісана ў работах А. В. Флароўскага. Яны даюць магчымасць прадоўжыць біяграфію беларускага першадрукара. Цікавым з'яўляецца апублікаваны Флароўскім у «Часопісе народнага музея» (Прага, 1936) акт, выданы 29 студзеня

  1. А. І. Сабалеўскі ў сваім артыкуле „Да гісторыі кніжнага гандлю ў Расіі" адзначае, што ў ХVІ ст. і нават пазней гандаль кнігамі не прыносіў купцам ніякіх даходаў. Таму яны "на продаж кніг глядзелі праз пальцы, не кажучы ўжо аб іншым, — блінамі, кіслымі шчамі і іншымі таму падобнымі дробязамі гандляваць яны лічылі для сябе больш выгадна, чым гэтай духоўнай ежаю" ("Библиограф" № 8-9, 1890, стар. 166).