садавода-батаніка. Кароль называе Скарыну «садоўнікам нашым», г. зн. каралеўскім садоўнікам. Само сабой зразумела, што Скарына не мог быць простым рабочым у каралеўскім батанічным садзе: для гэтага не было ніякай патрэбы выкарыстоўваць чалавека з вучонай ступенню доктара навук, ды яшчэ падданага іншай дзяржавы. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскім батанічным садам.
Добра вядома, што ў XVІ ст. батаніка знаходзілася яшчэ ў пачатковым стане; яна мела значэнне галоўным чынам для ўрачэбнага прымянення раслін і ўваходзіла у сістэму дысцыплін, вывучаемых на медыцынскіх факультэтах універсітэтаў. Падуанскі ж універсітэт, дзе Скарына атрымаў вучоную ступень доктара медыцыны, у той час з'яўляўся адным з найбольш праслаўленых цэнтраў медыцынска-батанічнай адукацыі. Іменна тут, у Падуі, пры універсітэце ў 1533 г. быў заснаван першы еўрапейскі батанічны сад—«огород врачев или медиков зело великий и округлый... для учения молодых людей в науке враческии и для познания прирожения трав всяких»[1], як гаворыцца аб ім у адным з рускіх хранографаў. Усё гэта наводзіць на думку, што Скарына, будучы спецыялістам адначасова і па медыцыне і па батаніцы, меу усе неабходныя даныя для таго, каб атрымаць пасаду «каралеўскага садоўніка», г. зн. пасаду высокакваліфікаванага вучонага садавода.
Заснаванне каралеўскага батанічнага сада ў Празе адносіцца да 1534 г. Паводле паведамлення чэшскага летапісца Сватэка, першым каралеўскім садоўнікам быў нехта Францыск. Пазней, у 1539 г., у Прагу для загадвання каралеўскім садам быў запрошан галандскі батанік Гуго Веліус, але ён у тым жа годзе пакінуў Прагу. Каралеўскі ж садоўнік Францыск, аб якім гаворыць Флароўскі, праўда, без спасылкі ні на якую крыніцу, што ён быў італьянцам і меў званне магістра, прадаўжаў і далей служыць пры батанічным садзе[2].
Цікава ўсё ж тое, што і імя Скарыны было таксама Францыск і што ён меў званне магістра і займаў пасаду каралеўскага садоўніка ў Празе прыкладна ў адзін і