Старонка:Aleksiutovic Mikalaj.Skaryna.Jaho dziejnasc i svietapohlad.djvu/6

Гэта старонка не была вычытаная
ПРАДМОВА

Работа М. А. Алексютовіча прысвечана характарыстыцы грамадскіх і філасофскіх поглядаў выдатнага прадстаўніка прагрэсіўнай беларускай культуры пачатку ХVІ ст. — Георгія Скарыны. Разам з тым у ёй характарызуецца ідэйная накіраванасць дзейнасці вучонага і даецца ацэнка яго ролі ў развіцці агульнаславянскіх культурных сувязей.

Жыццё і дзейнасць Г. Скарыны адносяцца да перыяду ўтварэння беларускай народнасці, і на яго творчасці жыва адбіваўся працэс яе развіцця, які праходзіў у вострай барацьбе з феадальным гнётам і засіллем польскіх і літоўскіх паноў. У гэтай барацьбе беларускі народ, які меў сваю тэрыторыю, сваю мову, сваю самастойную народную творчасць, сваю культуру і элементы эканамічнай супольнасці, шукаў дапамогі з боку блізкіх яму ўсходнеславянскіх народаў — рускага і ўкраінскага. У пачатку XVІ ст. ужо выспявалі тыя грамадскія сілы, што пазней, у канцы гэтага стагоддзя, узняліся на барацьбу з іншаземнымі прыгнятальнікамі. У часы Скарыны завадатаям у барацьбе выступаў даволі шырокі клас гараджан. Гараджане Беларусі яшчэ не сфарміраваліся ў буржуазію, але найбольш перадавыя прадстаўнікі гэтага класа, засвоіўшы многія асноўныя элементы прагрэсіўнай для таго часу культуры, выступалі ў апазіцыі к феадалізму і сярэдневяковай ідэалогіі.

Да ліку такіх людзей належаў і Г. Скарына — заснавальнік беларускага кнігадрукавання, таленавіты вучоны ў галіне медыцыны, батанікі, мовазнаўства і іншых навук, палымяны патрыёт, паборнік асветы і распаўсюджання адукацыі сярод шырокіх пластоў насельніцтва.