з «русамі», якія мелі доктарскую ступень. Апрача Скарыны, мы не знаходзім тут больш ніводнага «доктара Руса» на працягу ўсяго XVІ ст. Лагічна таму зрабіць вывад, што даныя Гайека адносяцца да нашага доктара Скарыны. Адсюль трэба прызнаць і той факт, які вынікае з паведамлення Гайека, што Скарыны к 1541 г. ужо не было у жывых, чаму не супярэчыць і акт ад 29 студзеня 1552 г.
У літаратуры, аднак, выказана меркаванне, што яшчэ ў пачатку 50-х гадоў ХVІ ст. Скарына не толькі жыў, але і прадаўжаў выдаваць кнігі. Адзін з аўтараў работ Скарыне А. Вахнянін, спасылаючыся на гістарычныя сведчанні, піша наступнае: «Калі «Псалтирь», як гаворыць Гофман (de tіpographііs, p. 44)[1], спасылаючыся на Берrіroce (Bergіus de statu eeclesіae et relіg. Moskovіt, Holmіae 1704), была выдана ў 1551 г. самім Скарынаю, то трэба прызнаць, што ён жыў у той час». І далей ён паведамляе, што пазней, у 1556 г., рускую біблію бачыў у Літве нехта Петра-Паўла Vergerіus, які, аднак, не ўказвае на яе аўтара («Bіblіa nunc versa sunt et excusa jama quіbusdam annіs іn lіngua Ruthena. Іlla Vіlnae іn Luttuanіa, Даброўскі, Slovanka, 1814, p. 153)[2].
Гэтыя ўказанні не даюць падстаў для катэгарычнага вываду аб датыроўцы смерці Скарыны, тады як даныя, паведамляемыя Флароўскім, такія падставы даюць. Ніхто не будзе аспрэчваць таго, што ў 50-х гадах ХVІ ст. сучаснікі маглі бачыць і чытаць біблейскія кнігі Скарыны, але адсюль зусім не вынікае, што яны былі выданы у гэты час. У даным выпадку можна дапусціць два меркаванні: або гэта былі кнігі самога Скарыны, але выданыя ім раней указанага часу, або гэта былі выданні, належачыя іншым асобам, надрукаваныя такім жа шрыфтам, як і скарынінская біблія, і таму памылкова прынятыя за яго кнігі. І тое і другое не выключаецца.
Наяўныя крыніцы яшчэ далёка не вычэрпваюць усёй шматграннай дзейнасці беларускага вучонага. Наперадзе вялікая вышукальная работа ў архівах і перш за ўсё ў пражскіх і вільнюскіх, дзе павінны захоўвацца хоць бы ўрывачныя даныя аб асобных момантах жыцця і дзей-