грунтаванне якога цяпер шукаюць у класічнай старажытнасці, разглядаемай як перыяд бляску і працвітання ва ўсіх галінах чалавечай дзейнасці, навуцы, мастацтве, літаратуры, дзяржаўным жыцці. Людзі эпохі Адраджэння звяртаюцца да велічных тварэнняў антычных пісьменнікаў, мастакоў, мысліцеляў з тым, каб заклікаць сабе на дапамогу, як гаворыць Маркс, духаў мінулага; яны пераймаюць у іх імёны, баявыя лозунгі і нават адзенне, і «ў асвячоным старажытнасцю ўбранні, на чужой мове разыгрываюць новы акт сусветнай гісторыі»[1].
Класікі марксізма-ленінізма ацэньвалі філасофію прадстаўнікоў гуманізму як важны этап у развіцці дамарксісцкай філасофскай думкі, звязаны з барацьбой супраць тэалогіі і схаластыкі, з узнікненнем рада прагрэсіўных ідэй. Разам з тым яны ўказвалі на яе кампрамісны характар у адносінах да ідэалогіі феадалізма. Гуманісты жылі ў пераходны перыяд, і ў іх усюды адчуваецца непаслядоўнасць, дваістасць: з аднаго боку, прызнанне аўтарытэту розуму, крытыка царкоўна-аскетычных ідэалаў, імкненне пазнаць прыроду чалавека, зварот да роднай старыны і сваіх нацыянальных моў; але, з другога боку, прызнанне каштоўнасці рэлігіі, адчужанасць ад народных мас, а часам дагодлівасць у адносінах да іх знатных і багатых апекуноў, ужыванне ў пісьменнасці лацінскай мовы, якую яны ўсё яшчэ ставілі вышэй сваіх нацыянальных моў[2].
- ↑ К. Маркс и Ф. Энгельс. Соч., т. VІІІ, стар. 323.
- ↑ Вядома, што нават найбольш выдатныя і смелыя прадстаўнікі гуманізму, як правіла, не ішлі на разрыў з рэлігіяй і не маглі ўзняцца да бязбожжа. Іх погляды з'яўляліся дзіўнай сумессю глыбокадумнасці і фантастычных ўяўленняў. Так, Петрарка і Бакачыо лічылі сябе добрымі католікамі і вернымі сынамі царквы, нягледзячы на тое, што самі ж крытыкавалі "разбэшчаны папскі двор", высмейвалі лад жыцця духавенства і манашаства; нямецкі вучоны Мікалай Кузанскі, які вучыў аб бясконцасці сусвету і кругазвароце Зямлі, знаходзіўся ў той жа час пад уплывам рэлігійнай ідэалогіі, быў кардыналам і багасловам, містыкам і неаплатонікам; у забабонах і фантастычных уяўленнях каснеў італьянскі вучоны-гуманіст Джаралама Кардана, які апублікаваў спосаб рашэння кубічных ураўненняў; прафесарам тэалогіі быў Томас Мюнцэр — правадыр народных мас у вялікай сялянскай вайне ў Германіі; нарэшце, сам Нікалай Капернік, які абвергнуў сваім геліяцэнтрычным вучэннем усю сістэму сярэдневяковага светапогляду аб сусвеце, быў каталіцкім ксяндзом. Усе гэтыя людзі выключнага розуму і характару ў той ці іншай ступені падзялялі рэлігійныя забабоны сваёй эпохі, нягледзячы на тое, што сваім жа вучэннем разбуралі гэтыя забабоны, уносілі пераварот ва ўсе сферы разумовай дзейнасці людзей.