не даслоўна. Увесь упор у Скарыны робіцца на маральныя прынцыпы штодзённага жыцця; ён больш ахвотна гаворыць аб тым, чаго трэба пазбягаць, а не аб тым, што трэба рабіць згодна з патрабаваннямі царквы («Не забивай ни едина», «Не вкради что дружнего», «А не давай сведецства лжива» і г. д. і да т. п.)[1].
Да ўсіх біблейскіх выданняў Скарына напісаў свае «прадмовы» або «сказанні», дзе каменціруюцца асобныя кнігі і выказваюцца погляды, якія зусім не адлюстроўваюць артадаксальнай пазіцыі царкоўнікаў. Як вядома, у кнігах «Бытие», «Числ», «Исход», «Иеремии», «Левит» і ў іншых ветхазаветных кнігах прапагандуецца драпежніцкая мараль, пагарда і нянавісць да іншых народаў, насілле, грабеж, ашуканства, мнагажонства, распуста і да т. п. Скарына, мяркуючы па яго прадмовах, не адабрае гэтай біблейскай маралі: у яго няма ні слова ў яе апраўданне. Ён або абыходзіць такія пытанні, або піша ў сваіх прадмовах зусім не тое, што гаворыцца ў тэкстах біблейскіх кніг.
Так, напрыклад, у пачатку кнігі «Бытие» ён змясціў вялікую прадмову да ўсёй бібліі, у якой шырока прапагандуе вывучэнне «седми наук вызволеных». У другой сваёй прадмове (да кнігі «Левит») ён паўстае, хоць і ў вельмі нясмелай форме, супраць выкарыстання царквой ветхазаветных кніг для абгрунтавання сваіх прыватнаўласніцкіх правоў. На патрабаванні жрацоў аб прынашэнні царкве ахвяр і павіннасцей ён адказвае: «невозможно бо ест кровию тельцев и козлов отняти грехи».
Што ж датычыць біблейскай маралі, якая прапаведуе нецярпімасць да чужых рэлігій, то Скарына абвяргае яе цалкам. Ён выступае прыхільнікам самай шырокай свабоды веравызнання, поўнай верацярпімасці. Ён зусім абыякавы да пытанняў рэлігійных адрозненняў, да царкоўнай абраднасці. Ён не прызнае ідэі нацыянальнай выключнасці, абвяргае чалавеканенавісніцкае біблейскае вучэнне аб тым, што існуюць нейкія асобыя, выбраныя народы і народы няпоўнацэнныя; у яго ўяўленні ўсе людзі аднолькавыя і адрозненні паміж імі чыста знешнія[2].
На поўную цярпімасць Скарыны ў справах веры ўказвае тое, што пры перакладзе бібліі на «рускую» мову ён