выкарыстоўваў розныя рэлігійныя крыніцы, а ў сваіх прадмовах да яе часам спасылаўся на старажытных, язычаскіх мысліцеляў. З яго прадмовы да «Второзакония» відаць, што ён ставіць на адну дошку хрысціянскае і антычнае права, разглядаючы і тое і другое у пераемнай сувязі развіцця прававых адносін. У той час, калі хрысціянская царква, якая вырасла ў пастаяннай барацьбе з антычнай рэлігіяй, праследавала ўсё язычаскае і апраўдвала толькі хрысціянскае, такое «багамерзкае вальнадумства» магло быць кваліфікавана як жаданне адрадзіць язычаства, бо лічылася недапушчальным, каб «адны і тыя ж вусны хвалілі Хрыста і Юпіцера».
Адносна народаў, спаведуючых хрысціянскую рэлігію, Скарына прытрымліваўся той думкі, што сярод іх няма асобых ісцінных хрысціян і хрысціян, якія заблуджаюцца. Ён не толькі не імкнуўся абгрунтаваць ісціннасць або ложнасць таго ці іншага хрысціянскага веравызнання, але, наадварот, гаварыў, што ўсе хрысціяне па «плоці і крыві» ёсць адно у бога[1]. «Христианство наше, — падкрэсліваў ён, — не толико именем и крещением, но братолюбием и незлобием совершается»[2].
Скарына, такім чынам, прызнае хрысціянства, ачышчанае ад нецярпімасці да іншых народаў і маючае ў сваёй аснове высокія маральныя прынцыпы і «добрыя справы». Гэтая рыса ў яго светапоглядзе, як вядома, была ўласціва і заходнееўрапейскім гуманістам, якія з'яўляліся прыхільнікамі самай шырокай верацярпімасці, абвешчанай яшчэ ў XІV ст. вядомым вучоным-гуманістам Марсіліем Падуанскім.
Праяўленнем вальнадумства, перадавых поглядаў Скарыны было выданне ім бібліі на жывой народнай мове. У той час гэта быў выключна смелы крок, бадай ці не подзвіг. Дастаткова сказаць, што нават гуманісты, роля якіх у барацьбе за народную мову, за адраджэнне нацыянальных традыцый неаспрэчная, пісалі свае творы, як правіла, на старажытных мовах, лічачы іх больш высокімі і дастойнымі ў адрозненне ад сваіх нацыянальных моў, прыймальных нібыта толькі для «натоўпу», а не для адукаваных людзей.