Старонка:Aleksiutovic Mikalaj.Skaryna.Jaho dziejnasc i svietapohlad.djvu/9

Гэта старонка не была вычытаная
УВОДЗІНЫ

Георгій Францыск Скарына з'яўляецца нацыянальнай гордасцю беларускага народа і разам з тым гордасцю ўсіх славян. З яго імем звязана ўзнікненне і развіццё кнігадрукавання ва ўсходнеславянскіх землях, заснаванне старэйшага ў свеце Пражскага батанічнага сада, зараджэнне і станаўленне ў Беларусі новых у аснове сваёй гуманістычных і рацыяналістычных ідэй. Сваёй дзейнасцю ён у многім прадвызначыў асноўныя шляхі развіцця прагрэсіўнай беларускай літаратуры XVІ і ХVІІ стст. Змагар за адзінства славянскіх народаў, ён адыграў важную ролю ва ўмацаванні культурных сувязей паміж імі. Таму зусім зразумела тая пастаянная цікавасць, якую выклікае да сябе Скарына як у нас, так і за граніцай.

Цяпер Скарына вядомы далёка за межамі нашай Радзімы, а літаратура аб ім у выглядзе асобных даследаванняў, шматлікіх артыкулаў і некалькіх мастацкіх твораў прадстаўлена на многіх мовах свету: рускай, беларускай, украінскай, польскай, чэшскай, нямецкай, французскай, англійскай, літоўскай і інш.

Вывучэнне творчасці і дзейнасці Скарыны мае сваю працяглую гісторыю, якая налічвае амаль дзвесце год. Яна пачынаецца з сярэдзіны 70-х гадоў XVІІІ ст., з таго моманту, калі бібліятэкар Расійскай Акадэміі навук І. Бакмейстар знайшоў некалькі біблейскіх кніг, выданых Скарынаю ў Празе, і зрабіў аб іх першае паведамленне у рабоце "Essaі sur la bіblіotheque et la cabіnet de curіosіtés et d'іstoіre naturelle de l'Akademіe des scіences